Мабільныя групы сельвыканкамаў будуць дзейнічаць у раёне

Афіцыйна Грамадства

З аналізу работы МАБІЛЬНАЙ ГРУПЫ пачалася апаратная нарада ў старшыні райвыканкама. Заслухаўшы інфармацыю начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Даўгуляўца аб яе дзейнасці, Аляксандр Кохан адзначыў: патрэбна павялічваць уплыў на вытворчасць, навядзенне парадку, захаванне правілаў тэхнікі бяспекі. Атрымліваецца, што кантралююць у асноўным аб’екты сельскай гаспадаркі, будаўніцтва. І неяк убаку застаюцца ўстановы адукацыі, культуры, гандлю.

Каб пашырыць кола дзейнасці, кіраўнік раённай вертыкалі даручыў стварыць такія групы пры кожным сельскім выканаўчым камітэце. Менавіта ім пад кіраўніцтвам старшынь сельскіх Саветаў патрэбна наведвацца ва ўсе ўстановы і падраздзяленні, размешчаныя на тэрыторыі адміністрацыйных адзінак. “Гэта дазволіць наладзіць цесныя сувязі паміж прадстаўнікамі мясцовай улады і кіраўнікамі. Акрамя таго, больш аператыўна будуць вырашацца нейкія пытанні, дзе не заўсёды патрэбна ўмяшальніцтва раённых структур”, – адзначыў Аляксандр Васільевіч. Ужо на наступнай нарадзе будзе заслухана інфармацыя аб дзейнасці мабільных міні-груп.

Пытанні СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ на пастаянным кантролі старшыні райвыканкама. Як ідзе зімоўка жывёлы на фермах, калі ўжо ўрэшце-рэшт будзе наведзены парадак? Гэтае пытанне Аляксандр Кохан адрасаваў галоўнаму заатэхніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пятру Пінчуку. У першую чаргу гэта датычыць ААТ “Малажынскі”. “Калі ёсць неабходнасць, упраўленне павінна прыйсці на дапамогу вяскоўцам. Для гэтага патрэбна правесці суботнікі, выехаць на фермы, аказаць не толькі арганізацыйную, але і практычную падтрымку”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Больш актыўную пазіцыю ў пытаннях НАВЯДЗЕННЯ ПАРАДКУ на сельскагас-падарчых аб’ектах павінна заняць санітарная служба раёна. “Патрэбна не канстатаваць факты недахопаў, а дабівацца выпраўлення сітуацыі. Статыстыкі хапае, не хапае выніковасці работы”, – адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі.

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ застаецца прыярытэтным накірункам. “Навялі чысціню на цэнтральных вуліцах – патрэбна рухацца далей. Неабходна ўстанаўліваць бетонныя агароджы, якія былі ў карыстанні, рамантаваць дарогі ва ўсім райцэнтры”, – гэтае даручэнне Аляксандр Кохан адрасаваў намесніку начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Тамары Алесянковай.

САМААБКЛАДАННЕ – гэта тая форма работы, якая дазваляе кожнаму жыхару раёна, альбо проста жадаючаму, зрабіць уклад у дабрабыт сельскіх тэрыторый. Бо менавіта ад нас з вамі залежыць, як зменяцца да лепшага вуліцы населеных пунктаў, якія малыя архітэктурныя формы з’явяцца, стан вясковых могілак. Работа ў гэтым накірунку вядзецца, але яна патрабуе актывізацыі, больш рэзультатыўных вынікаў.

Па інфармацыі начальніка РАНС Андрэя Грыгаровіча, актыўная прафілактыка вядзецца на вадаёмах раёна, працуюць наглядальныя камісіі. Кіраўнікам аргані-зацый патрэбна давесці да працуючых: у кожным доме павінен быць аўтаномны апавяшчальнік. Тое, што некаму здаецца дробяззю, можа стаць лёсавырашальным і выратаваць жыцці.

За святочныя дні ў раёне адбылося адно цяжкае злачынства, – паведаміў начальнік РАУС Валерый Чэкан. У Бурках маладому чалавеку аднавясковец нанёс нажавое раненне. Зараз следчы камітэт займаецца гэтай справай.

Аб сітуацыі з ЗАНЯТАСЦЮ НАСЕЛЬНІЦТВА праінфармавала начальнік упраўлення Любоў Кулабухава.
На апаратнай нарадзе разглядаліся таксама пытанні ўтрымання дарог, правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, разлікаў з КЖУП “Брагінскае”, зваротаў грамадзян.

Галіна ШАЎЧЭНКА