Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў снежні 2018 года ў параўнанні з лістападам 2018-га склаў 100,8 працэнта, са снежнем 2017 года — 105,6 працэнта. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Мэтавы параметр па інфляцыі на 2018 год — не больш як 6 працэнтаў.
Базавы індэкс спажывецкіх цэн, які выключае змяненне цэн на асобныя тавары і паслугі, схільныя да ўплыву фактараў адміністрацыйнага і сезоннага характару, у снежні 2018 года ў параўнанні з лістападам 2018-га склаў 100,3 працэнта, са снежнем 2017-га — 104,8 працэнта.
Харчовыя тавары ў снежні падаражэлі на 1,2 працэнта ў параўнанні з лістападам 2018 года і на 5,7 працэнта ў параўнанні са снежнем 2017 года. Цэны на нехарчовыя тавары знізіліся на 0,1 працэнта ў параўнанні з лістападам 2018 года і выраслі на 3,8 працэнта ў параўнанні са снежнем 2017-га.
Індэкс спажывецкіх цэн на паслугі ў снежні склаў 101,2 працэнта да лістапада 2018 года і 108,1 працэнта да снежня 2017-га.