Зімовы вечар. За акном – умераны мінус. Сыпле мяккі, лёгкі і пушысты сняжок. А па ўсёй кватэры, не надта прасторнай, але даволі ўтульнай, разносіцца хваёвы водар. Лясная прыгажуня чакае сваіх упрыгажэнняў. І вось яны, змешчаныя ў дзве ёмістыя кардонныя скрынкі, спускаюцца да зялёнага дрэўца з самай высокай паліцы ў шафе. Бліскучыя шары, рознакаляровыя агеньчыкі, яркая мішура…
Маленькая Анютка асцярожна дастае кожную цацку і старанна падбірае для яе найбольш удалае месца на ялінцы. Але павесіць – справа мамы: дрэўца калючае. У абавязковым парадку сярод аздабленняў, набытых у магазіне, патрэбна размясціць і свае, зробленыя ўласнымі рукамі. Адны – з дапамогай маці ці бабулі, другія – як навучылі ў дзіцячым садку.
З такіх творчых працэсаў, прыемных сямейных клопатаў пачынаецца не толькі свята, але і вера ў нешта загадкавае, незвычайнае, дзіўнае і таямнічае. Які ж Новы год без цудаў?
Анютка добра ведала, што менавіта ў навагоднюю ноч пад гэтую самую ялінку, да прыбірання якой яна таксама мае непасрэднае дачыненне, падарунак для яе пакладзе Дзед Мароз. Не, зусім не той, у якога пераапранаюцца, каб выступіць на ранішніку. І не з казкі, не з мультфільма. А самы сапраўдны.
Дзе ён жыве і як прабіраецца ў памяшканні? Аб гэтым, як казалі дзяўчынцы бацькі, не ведае ніхто. Існуюць толькі здагадкі. Таму разважанняў на даную тэму заўсёды было шмат. Магчыма, ён, добры дзядулька з доўгай барадой, чароўным посахам і ў шубе да самых пят, спускаецца на зямлю з нябёсаў.
І непрыкметна, пакуль дзеці спяць, трапляе ў іх пакоі праз фортку або комін. А можа, прыязджае на санях з Паўночнага полюса і валодае здольнасцю праходзіць скрозь сцены?..
Пасля ўбачанага аднойчы па тэлевізары частковы адказ на пытанне ўсё ж быў знойдзены: сапраўдны Дзед Мароз жыве ў Белавежскай пушчы! У сваёй шыкоўнай сядзібе. Так, ён існуе!
А як жа? У мінулы раз Анютка, калі прачнулася пасля сустрэчы Новага года, знайшла пад ялінкай шыкоўныя прыборы для сваіх лялек Барбі. Так-так, іх у дзяўчынкі было некалькі, і ўсе – прыгажуні, любілі апранацца па-сучаснаму, у адпаведнасці з моднымі тэндэнцыямі. Таму падарунак выклікаў бязмежную радасць.
А да гэтага таксама былі цудоўныя, не менш жаданыя канструктар, набор для сюжэтных гульняў, яркія мазаікі… Кожны Новы год суправаджаўся сюрпрызам.
Анютка да апошняга не ведала, што ж падрыхтаваў для яе Дзед Мароз, бо яна ніколі не рабіла яму заказаў. Самі пагадзіцеся: колькі вакол дзяцей – а ён адзін! Хіба можна ў такім выпадку выканаць кожнае “хачу”?
Дзядуля ўсё-такі не міліянер, і магчымасці яго не бязмежныя. Ён сам лепш за іншых ведае, чым парадаваць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, што ім найбольш патрэбна. Для таго ж і навагодняе свята – каб здзіўляць. Так заўсёды казала сваёй дачурцы маці.
Але той зімой, якраз напярэдадні першага навучальнага года Анюткі, Дзед Мароз вырашыў падысці да сваёй справы з крэатывам.
Набор для творчасці і стварэння святочнай атмасферы, які сабраў для дзяўчынкі, вырашыў адправіць па пошце. Якраз увялі новую паслугу – “Віншаванне Дзеда Мароза”. І вось… У суботні дзень, перад самым святам, у кватэры раздаўся тэлефонны званок. У трубцы – жаночы голас:
– Гэта Анютка?
– Так.
– Тады табе патрэбна прыйсці на пошту, каб забраць падарунак ад Дзеда Мароза.
Несумненна, ён існуе! І ўжо зусім не важна, што дзяўчынка яшчэ ніколі сама не хадзіла ні ў магазін, ні на пошту, якая была ў некалькіх метрах ад дома, без дарослых. Хутчэй! Цуды здараюцца.
Убачыўшы, наколькі гараць вочы дзіцяці і як яно наспех апранаецца, маці не стала парушаць гэты чароўны момант: няхай і шапка схілілася набок, і шалік заматаны недарэчна… Яна здагадалася, хто патэлефанаваў – у аддзяленні паштовай сувязі тады працавала яе сяброўка, якая Анютку добра ведала. Так што хвалявацца нечага – сустрэне як належыць.
Былі і чарговыя падарункі, нечаканыя сюрпрызы. Амаль да дзевяці гадоў дзяўчынка верыла ў гэтага добрага, шчодрага, справядлівага персанажа чароўнай пары. І хто ведае, колькі б яшчэ цеплілася ў дзіцячай душы адчуванне дзіўнай казкі, чараўніцтва з набліжэннем усімі любімага зімовага свята, калі б… не насмешкі сябровак-аднакласніц, якія даўно выкрылі хітрыкі бацькоў.
Прайшоў час. Вырасла Анютка. А ў шматкватэрным доме, з якога яна ўжо накіроўвалася ў выпускны клас, пасялілася маладая сям’я. І цяпер ужо ў іншых сценах стваралася навагодняя казка: упрыгожвалася з удзелам маленькай дзяўчынкі ёлка, выразаліся з белай паперы сняжынкі і розныя фігуркі, ствараліся цэлыя кампазіцыі, якія потым размяшчаліся на вокнах кватэры.
Аднойчы маці Анюткі, накіроўваючыся раніцай на працу, сустрэла сваю суседку, маладую маці, каля паштовага аддзялення.
Спяшалася яна туды, як выявілася, за пісьмом… для Дзеда Мароза. “Кожны год мы яго з Кацярынай складаем. Вядома, з просьбай пра падарунак. Але раней канверт з укладзеным лістком дачка аддавала мне, каб укінуць яго ў паштовую скрынку. А сёлета, калі навучылася пісаць, усё вырашыла зрабіць сама. Вось і чакаю, пакуль пошта адкрыецца… Каб папрасіць супрацоўніц пакінуць тое пісьмо для мяне – забяру, калі апустошаць скрынку з карэспандэнцыяй”, – з усмешкай паведаміла жанчына. І дадала, што яе
Кацярына даўно марыць пра канькі. “Значыць, зноў будзе навагодні цуд, шчырая радасць і захапленне”, – падумалася ў той момант маці Анюткі.
Кожная з падобных жыццёвых гісторый навявае толькі самыя добрыя, светлыя і цёплыя ўспаміны. Новы год дазваляе і нам, дарослым, на некаторы час акунуцца ў казачную атмасферу, стаць творцамі, фантазёрамі, чараўнікамі. Дапамагае прыйсці да разумення, наколькі ўсё-такі важна захаваць як мага надаўжэй дзіцячую веру ў цуды. Не чакайце іх ад іншых – стварайце самі!
Валянціна БЕЛЬЧАНКА