Сёлета ААТ “Камарынскі” заняло першае месца  па ўборцы і вытворчасці зерня

Важнае Сельская гаспадарка

Лепшым сярод адкрытых акцыянерных таварыстваў Брагіншчыны па выніках работы за сельскагаспадарчы год ААТ “Камарынскі” – гаспадарка з невысокай бальнасцю глебы – прызнавалася не раз. Яно лідзіравала па такім паказчыку, як выхад зерня ў разліку на бала-гектар.

У спрыяльным 2016-м камарынцы дасягнулі добрых вытворчых паказчыкаў ва ўсіх галінах і занялі першае месца ў раённым спаборніцтве. Ім выдзелілі новы МТЗ-82.

У 2017-м перамаглі ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” і атрымалі дыплом, а ў якасці заахвочвання – трактар “Беларус-МТЗ-82”.

У 2018-м ААТ “Камарынскі” адзначана граматай і грашовым сертыфікатам раённага выканаўчага камітэта за першае месца сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па ўборцы і вытворчасці зерня.

За кошт чаго дасягнуты такія вынікі, што дапамагае ў рабоце, і пойдзе наша гутарка з дырэктарам гаспадаркі Рыгорам Анапрэенкам.

– Рыгор Мікалаевіч, пра тое, што гэты год быў для аграрыяў неспрыяльным, гаварылася шмат. І тым не менш у лідарах – калектыў, які Вы ўзначальваеце. Выходзіць, справа – не толькі ў надвор’і?

– Скідваць з рахунку кліматычныя ўмовы было б няправільным, бо негатыўны ўплыў на канчатковы вынік яны аказалі. Бальнасць ворыўных зямель у нас – 18,2. Калі, напрыклад, у Савічах яна вышэйшая (24), то ёсць участкі, дзе 9, а то і 7. Найбольш прымусіў пахвалявацца за ўраджай зерневых і зернебабовых гарачы і сухі красавік: у асобныя дні тэмпература паветра паднімалася да 37 градусаў. Адсутнасць ападкаў для камарынскіх участкаў з нізкай вільгацяёмістасцю – сітуацыя катастрафічная. Дарэчы, як і моцныя ліўні, якія вымываюць азот. Але ж іншай зямлі нам не дадзена, неабходна працаваць на той, якая дасталася.

А дапамагла нам калі не дасягнуць, то наблізіцца да запланаваных лічбаў па валавым намалоце дакладная арганізацыя працы на палях. Пра будучы каравай пачалі клапаціцца з восені, своечасова і якасна правялі сяўбу азімых. Вобразна кажучы, заклалі надзейны падмурак ураджаю-2018. Не спазніліся з выхадам на палеткі і вясной.

Калі зразумелі, што патрэбна ратаваць пасевы азімых і яравых, якія гінуць, сарыентаваліся і прымянілі сродкі хімахо-вы, падсілкавалі іх мінеральнымі ўгнае-ннямі, што дазволіла мінімізаваць недабор зерня. І таксама стаўку зрабілі на якасць. Работы адзін з лепшых нашых механізатараў Аляксандр Мішчанка выканаў своечасова і на належным узроўні. Ён у асноўным працуе з хімічнымі прэпаратамі, а вось сяўбу даручаем Мікалаю Якімовічу.

– Але ж для гэтага патрэбна высокапрадукцыйная тэхніка. Можна толькі парадавацца за вашых людзей, якім заслужана выдзяляюць трактары на фестывалях-кірмашах за дасягнутыя поспехі, толькі гэтага недастаткова. Як з прычапным інвентаром?

– У 2016-м на раённых дажынках, якія праходзілі на тэрыторыі нашага сельгаспрадпрыемства, на выставе сучаснай тэхнікі можна было ўбачыць сеялку нямецкай вытворчасці, якую мы набылі за ўласныя сродкі. Тады яна выклікала непадробны інтарэс. Акрамя гэтага, купілі апырсквальнік вядомай замежнай фірмы. Машынна-трактарны парк таварыства патрабуе абнаўлення, а гэта – справа не аднаго дня. Купляем у першую чаргу тое, без чаго нельга абысціся. Агрэгаты, якія назваў, дазваляюць правесці сяўбу і догляд пасеваў у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.

“Беларусы”, якімі нас заахвочваюць за плённую і напружаную працу, перадаём у рукі вопытных механізатараў. Адзін з іх, напрыклад, выдзелілі Віталю Сафіенку.

– Скажыце, калі ласка, як урадзілі іншыя культуры, у прыватнасці, рапс, які ў мінулым годзе змаглі вырасціць толькі ў “Камарынскім”? Што з кукурузай?

– Летась мы сабралі 640 тон рапсу (у цэлым па раёне – 898 тон). Сёлета валавы збор крыху меншы, складае ён 87,5% да ўзроўню 2017 года. З агульнай колькасці намалочанага ў раёне насення алейнай культуры (2010 тон) на долю “Камарынскага” прыпадае 560 тон. (Зазначу: сярод сельгаспрадпрыемстваў – найвышэйшы паказчык як па валу, так і па ўраджайнасці – прык. аўтара). Пры вырошчванні рапсу таксама стараемся прытрымлівацца агратэхнікі, але ж уся загвоздка ў тым, як ён перазімуе, ці не вымерзне.

Ёсць і 2297 тон зерня кукурузы (108%). Дзякуючы таму, што ў нас ёсць добры зернесушыльны комплекс, усё яно перапрацавана на месцы. Забяспечылі грамадскі статак канцэнтрыраванымі карма-мі, частку зерня прадалі.

– Па такім паказчыку, як сярэдні надой ад каровы, камарынцы былі і застаюцца бсспрэчнымі лідарамі ў раёне. І тым не менш сёлета прадпрыемства знізіла вытворчасць і рэалізацыю малака. Чым растлумачыце?

– Славутым чалавечым фактарам, які часта ўзгадваюць і на які спасылаюцца спецыялісты. У дадзеным выпадку так яно і ёсць.

Узніклі праблемы з узнаўленнем статка. Збой у малочным канвееры дала МТФ у Прудавіцы, якую заўсёды ставілі ў прыклад і мы, і заатэхнікі з упраўлення сельскай гаспадаркі. Самае крыўднае, што вытворчасць малака была на высокім узроўні, за чатыры гады мы падвоілі яе, прыклаўшы вялікія намаганні.

Як аказалася на практыцы, каровы не асемяняліся. Стано-вішча паправім, але ж прыкра ўсведамляць, што замест прыросту ў нас спад, якога магло і не быць. Кармамі на зімова-стойлавы перыяд грамадскі статак забяспечаны, няма праблем і з размяшчэннем пагалоўя. У сельгаспрадпрыемстве ёсць выдатная будаўнічая брыгада, якая ўзводзіць сучасныя вытворчыя памяшканні гаспадарчым спосабам. Танна і якасна.

Стараемся працаваць і гаспадарыць з розумам, разлічваючы на свае сілы і сродкі. І на гэтых дажынках адзначалі як лепшых даярак гаспадаркі, так і механізатараў. Не крыўдзім мы людзей і ў сябе дома, на агульных сходах абавязкова прэміруем. Яны гэтага заслугоўваюць.

– Напярэдадні Новага года дазвольце пажадаць Вам асабіста і калектыву адкрытага акцыянернага таварыства ўдачы, новых працоўных здабыткаў і перамог, здзяйснення задуманага. Каб ладзіліся справы, не падводзіла здароўе, быў дастатак у кожным доме, усё вілося, як у вянку. І няхай 2019-ы будзе такім жа спрыяльным і шчодрым, як і 2016-ы, парадуе багатым ураджаем і высокімі надоямі.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ