Цудоўнае, чароўнае і заўсёды непаўторнае свята – Новы год. Доўгачаканае, поўнае надзей і летуценняў… У ім пахне прыбраная ёлка.
У ім – куранты, якія паведамляюць нам, што адзін перыяд жыцця скончаны і пачынаецца зусім іншы. І ўсе мы, нават адметныя скептыкі, у душы спадзяёмся, што гэтыя куранты стануць той «кнопкай», якая запусціць механізм выканання жаданняў.
У гэтыя святочныя дні мы адчуваем сябе крыху дзецьмі. Нават калі падарункі даводзіцца цяпер не шукаць пад ялінкай, а самім іх туды класці – казачная атмасфера ва ўсе часы для кожнага застаецца нязменнай.
Але Новы год – гэта нешта большае, чым ёлка, бенгальскія агні і мандарыны. Акрамя атрыбутаў чароўнасці, ён дае кожнаму шанец пачаць усё нанова, зрабіць сваё жыццё лепшым. Ён дорыць надзею. Здаецца, што магія аднаўлення застанецца з намі на ўвесь год, і ў ім не будзе месца для злосці, крыўды і расчаравання.
Перад Новым годам большасць з нас азіраецца на год мінулы, ацэньвае зробленае, пераглядае «багаж», які бярэ ў будучыню. У некаторых ёсць традыцыя пазбаўляцца ад старых рэчаў, вызваляючы прастору для новага, нехта развітваецца са шкоднымі звычкамі, жадаючы стаць больш здаровым.
Значна радзей мы ўспамінаем, што перад тым, як лячыць цела, трэба аздаравіць душу, «пачысціць», аднавіць свядомасць, бо наш лёс – гэта адлюстраванне нашай сутнасці: думак, уяўленняў, эмоцый.
Вы скардзіцеся на несправядлівасць жыцця? Малюнак нашага лёсу не бывае выпадковы. Тое, што нам здаецца недарэчнасцю, мае карані: вызначаецца нашым нараджэннем, выхаваннем, характарам, учынкамі, думкамі, нават эмоцыямі. Разумець і прымаць сябе, рэалізоўваць сваё прызначэнне – жыццёвая неабходнасць. Прыродай прадугледжана, што чалавек расце, сталее і павінен развівацца, удасканальвацца. Калі гэтага не адбываецца, мы адстаём ад часу, ад рэалій жыцця, ад тых, хто пастаянна ідзе наперад.
Наша асяроддзе – адзінства супрацьлегласцяў: святла і цемры, прыгажосці і бязладдзя, рашучасці і пакорлівасці, дзеянняў і бяздзейнасці. І рэальнасці без зла, хлусні, баязлівасці, абыякавасці, ляноты не існуе. Але, усвядоміўшы гэта, не варта ўпадаць у адчай.
Калі кожны стане павялічваць колькасць дабра даступнымі яму сродкамі (мудрасцю, любоўю, памяркоўнасцю), то свет стане больш дасканалы, а кожны ў ім – больш шчаслівы.
Быць шчаслівым – гэта праца. Калі вы нічога не робіце каб стаць такім, як жа вы ім станеце? Таму вызначцеся са сваімі жаданнямі і ўяўленнямі – і дзейнічайце! Навучыцеся марыць, верыць, радавацца, давяраць, любіць. І ў новым годзе вы абавязкова станеце больш шчаслівымі, больш паспяховымі і больш удачлівымі.
Шчыра віншую з надыходзячым святам. Няхай у вашым жыцці заўсёды будзе месца веры, надзеі і любові, мудрасці і цярпенню, суперажыванню і спачуванню. Шчасця вам і вашым блізкім, радасці – у кожны дом!
Галіна ШАЎЧЭНКА