Вытворчасць малака ў Беларусі перавышае ўнутраную патрэбнасць больш як у два разы

Сельская гаспадарка

Аб гэтым паведаміў у час круглага стала па пытаннях забеспячэння харчовай бяспекі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Намеснік міністра адзначыў, што, згодна з міжнароднымі ацэнкамі, па ўзроўні харчовай бяспекі Беларусь характарызуецца як краіна, якая забяспечвае даступнасць прадуктаў харчавання.

«Харчовая бяспека ў Беларусі забяспечваецца ў поўнай меры. Больш таго, па такіх пазіцыях, як яйка, мяса, малако, узровень самазабеспячэння краіны ў 1,3-2,3 раза перавышае патрэбнасць», — сказаў Ігар Брыло.

Напрыклад, за 2017 год узровень самазабеспячэння па малаку склаў 235,4 працэнта.

Па вытворчасці абсалютнай большасці відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва Беларусь істотна перавышае аналагічныя паказчыкі іншых краін СНД. Так, у мінулым годзе на душу насельніцтва было вырашчана 675 кг бульбы (для параўнання: у Расіі — 201 кг, Казахстане — 197 кг), 127 кг мяса (у Расіі — 71 кг, Казахстане — 56 кг), 771 кг малака (у Казахстане — 303 кг, Расіі — 212 кг). Асаблівую ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі адыгрывае вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі.

«Узважаная палітыка дзяржавы ў развіцці аграпрамысловага комплексу, а таксама мадэрнізацыя вытворчых магутнасцей жывёлагадоўчых аб’ектаў далі магчымасць забяспечыць той узровень вытворчасці прадукцыі, які дазваляе задавольваць як патрэбнасці ўнутранага рынку малочнай і мясной прадукцыі, так і нарошчваць экспарт», — сказаў на заканчэнне намеснік міністра.

БелТА