Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прадставіла агляд сітуацыі ў сферы занятасці і беспрацоўя ў студзені — верасні 2018 года ў Беларусі.
У якасці беспрацоўных на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на канец верасня 2018 года знаходзіліся 15 тыс. чалавек (на 45,1 працэнта менш, чым на канец верасня 2017 года).
Мяркуючы па статыстыцы за 9 месяцаў, беспрацоўныя сталі працаўладкоўвацца хутчэй. Сярэдні перыяд працаўладкавання скараціўся з 2,1 месяца ў студзені — верасні 2017 года да 1,6 месяца ў аналагічным перыядзе бягучага года.
Пры гэтым калі раней мужчынам і жанчынам патрабаваўся аднолькавы перыяд для працаўладкавання (2,1 месяца), то цяпер мужчыны сталі знаходзіць работу хутчэй за жанчын — 1,5 супраць 1,8 месяца.
Скарацілася і сярэдняя працягласць беспрацоўя — з 4,1 месяца ў студзені — верасні 2017 года да 3,4 месяца ў аналагічным перыядзе 2018 года. Сярод беспрацоўных 62,9 працэнта — мужчыны (64,2 працэнта раней).
Найбольшая колькасць беспрацоўных мужчын — ва ўзросце 45-49 гадоў (1133 чалавекі на канец верасня 2018 года), 40-44 гады (1103).
Сярод жанчын беспрацоўных больш за ўсё ва ўзросце 35-39 гадоў (688 чалавек) і 45-49 гадоў (687).
Паводле даных Мінпрацы, 22,5 працэнта ўсіх беспрацоўных — моладзь ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў.
У Мінпрацы таксама адзначылі, што ў студзені-верасні попыт на рабочую сілу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысіўся. На канец верасня ў органы працы, занятасці i сацыяльнай абароны паступілі даныя аб наяўнасці 79,2 тыс. вакансій, што склала 142,8 працэнта да аналагічнага перыяду 2017 года.
Патрэбнасць у работніках па рабочых прафесіях склала 65,4 працэнта агульнага ліку вакансій супраць 60,3 працэнта на канец верасня 2017 года.