У інтэрнеце сустрэла гісторыю: выкладчыца раздала студэнтам заданні, паклаўшы іх адваротным бокам наверх. Калі тыя ў недаўменні перавярнулі карткі, убачылі ў цэнтры кропку. І больш нічога…
Заданне было простым: апісаць пабачанае. І ўсе трыццаць чалавек ахарактарызавалі кропку. Нехта – з матэматычнага боку, нехта – з лірычнага, нехта – зыходзячы з яркасці фарбы і насычанасці колеру.
Але ніводны чалавек не заўважыў тую белую і чыстую прастору, на якой яна стаяла…
Да чаго гэта я? Вельмі часта, “упёршыся” ў нешта дрэннае, мы перастаём бачыць, колькі хараства і пазітыва вакол нас, колькі добрых і станоўчых змен адбываецца паўсюдна. Часам нават нязначная падзея можа вывесці з сябе і афарбаваць у нашым уяўленні ўвесь свет у змрочныя таны. І гэта лагічна і заканамерна. Але ж асноўнае – не заставацца ў песімістычнай змрочнасці, не дазваляць негатыўным з’явам, настрою, уражанням браць верх і надоўга пасяляцца ў душы.
Калі хлусіць адзін, гэта не значыць, што ўсе хлусы, калі ўранку кропля капнула на нос – і гэта не бяда, і нават калі сутыкнуліся са здрадай непатрэбна ўсведамляць, што ўсё чалавецтва супраць вас.
Нездарма кажуць, што калі б не было дрэннага, мы ніколі не навучыліся б цаніць добрае. Свет вакол нас поўны супярэчнасцей і розных падзей. І ацэньваць рэальна, не перабольшваць, не “зацыклівацца” на дрэнным – гэта самае малое, што можна зрабіць у супрацьстаянні яму.
Я ні ў якім разе не заклікаю глядзець на рэчаіснасць праз ружовыя акуляры. Проста пры рэальнай і разважлівай ацэнцы сітуацыі заўсёды аказваецца так, што за дрэнным стаіць добрае, і “ўсё, што ні робіцца – да лепшага”. Спрацоўвае закон “кампенсацыйнасці”, як бы я яго назвала.
Умейце бачыць добрае ў жыцці. Кропку не стаўлю…
Галіна ШАЎЧЭНКА