У кожнага яна свая: з шырокімі вуліцамі і вузенькімі сцежкамі, сасновымі барамі і рассыпанымі бісерам азёрамі, раздольнымі лугамі і ласкавымі водамі рэк, адметнай самабытнасцю і духоўнай спадчынай… Адна з найвялікшых і любых сэрцу каштоўнасцей – малая радзіма.
Яна заўсёды гатова прыняць і абагрэць кожнага, каго выгадавала і адправіла ў вялікі свет, хто з трапяткімі пачуццямі вяртаецца пад дах свайго дома, каму не давялося знайсці шчасце і спакой на чужой зямлі. Усё, што перажыта тут, застаецца ў памяці назаўсёды. Магчыма, таму мы асабліва шануем святы, на якіх услаўляюць родны край, яго гераічнае мінулае і насычанае працоўнымі дасягненнямі, творчымі поспехамі сучаснае, з гонарам гавораць пра тых, дзякуючы каму мы радуемся кожнаму мірнаму дню.
Для старшыні Камарынскага сельскага Савета Віктара Свіслоўскага, як і для ўсіх яго землякоў, дата 23 верасня асабліва дарагая, хаця і не пазначана ў календары чырвоным колерам. Гэта дзень, калі родны пасёлак быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, зняў з сябе цяжар фашысцкага ярма. Свята, якое і праз 75 гадоў застаецца такім жа радасным, светлым і хвалюючым. Таму няма тут дома, такой сям’і ці працоўнага калектыву, у якіх не захоўвалася б памяць пра герояў-вызваліцеляў.
Да ведама:
Зараз у склад Камарынскага сельсавета ўваходзіць восем населеных пунктаў, дзе, па даных на пачатак года, пражывае 3005 чалавек, 1551 з якіх – грамадзяне працаздольнага ўзросту, 922 – пенсіянеры, 536 – дзеці. Са студзеня па жнівень тут на свет з’явілася 20 маленькіх жыхароў.
Вельмі сімвалічна, дарэчы, што менавіта сёлета, у Год малой радзімы, у Камарыне распачаты маштабныя работы па ўзорным абсталяванні і добраўпарадкаванні пасёлка за кошт бюджэтных сродкаў. Прадугледжаны рамонты жыллёвага фонду, аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі, спорту і турызму, сацыяльнай абароны, мадэрнізацыя і рэканструкцыя цеплавых сетак, перапрафіляванне гасцініцы пад жылыя памяшканні камерцыйнага карыстання. У абноўленым выглядзе павінны паўстаць помнікі воінам-вызваліцелям. А каля мясцовага культурна-спартыўнага цэнтра запланавана залажыць парк Перамогі, тэрыторыю якога зоймуць не толькі ліставыя дрэвы, кустарнікі і кветкі, пешаходныя дарожкі, але і стэла вышынёй больш за 20 метраў, тэхніка і зброя часоў Вялікай Айчыннай, спартыўная і дзіцячая гульнявая пляцоўкі.
Толькі шчыра парадавацца гэтаму могуць і ветэраны, якіх на тэрыторыі Савета засталося трое: Вольга Іосіфаўна Капыцько, Мікалай Андрэевіч Петрусевіч і Андрэй Васільевіч Козел. Праявіць клопат аб кожным, пацікавіцца іх справамі і ўмовамі пражывання, задаволіць патрэбы, не пакінуць сам-насам з праблемамі – не проста абавязак, а справа гонару. Таму прадстаўнікоў мясцовай улады, грамадскага аб’яднання ветэранаў, сацыяльнай службы ўдзельнікі вайны добра ведаюць. Людзі, якія набліжалі Перамогу, заўсёды жаданыя госці на святах у гонар памятных падзей і дат. І нават калі здароўе не дазваляе пабываць на ўрачыстасцях, з віншаваннямі да іх прыходзяць дамоў. Відаць, з такіх кропляў увагі, цёплага слова, шчырай удзячнасці ўсім, хто вызваляў Айчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і пачынаецца асэнсаванне ўласнай прыналежнасці да народа, які ў свой час не скарыўся перад ворагам, – выстаяў, перамог, а сёння глыбока шануе гістарычную памяць, беражэ свабоду і незалежнасць.
Дастойная змена старэйшых жыхароў – моладзь: Камарын сёлета сустрэў восем выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія размеркаваны ў школу, бальніцу, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, лясную і сельскую гаспадарку, ПМС. Андрэй Юшчанка, напрыклад, прыехаў у пасёлак над Дняпром з Гомеля, і для яго тут пакуль яшчэ не ўсё добра знаёмае – да работы ў якасці ўрача агульнай практыкі прыступіў са жніўня. Добра, што адчуваецца падтрымка і дапамога старэйшых калег. А вось медыцынскай сястры Крысціне Сукач, якая ў статусе маладога спецыяліста ўжо другі год, у Камарыне асвойтвацца не трэба. Тут нарадзілася і вырасла, тут жывуць яе родныя і блізкія, сябры. А пацыенты паспелі прыкмеціць увагу, ветлівасць, шчодрасць душы і пазітыўны настрой гэтай дзяўчыны. Значыць, з выбарам не памылілася.
У хуткім часе для маладых спецыялістаў і мнагадзетных сем’яў, дарэчы, пачнецца будаўніцтва 48-кватэрнага дома, так што многія змогуць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.
…Ствараюцца сем’і, нараджаюцца дзеці, кіпіць праца. Вырасла не адно пакаленне, якое не ведае, што такое вайна. Не глядзелі смерці ў вочы, не хаваліся ў лесе ад ворагаў, не пралівалі крыві ў цяжкіх баях з захопнікамі. Але сваімі справамі, клопатамі і ўчынкамі мы павінны пацвердзіць, што дастойны продкаў. Таму зноў да брацкай магілы ў дзень вызвалення лягуць кветкі, з гонарам і прызнаннем будуць гаварыць пра ветэранаў, нашчадкі ўшануюць хвілінай маўчання памяць тых, хто не вярнуўся з поля бою, дзякуючы каму мы радуемся кожнаму спакойнаму дню.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА