23 верасня – дзень вызвалення Камарына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Год малой родины Грамадства Популярное Праздники и будни

300987374

Дзень вызвалення… Радасны, светлы і такі доўгачаканы. Нарэшце! Камарын стаў першым населеным пунктам на тэрыторыі Беларусі, які скінуў аковы акупацыі, – гэта было 75 гадоў таму. Але і сёння ніводны сумленны чалавек не застаецца абыякавым да тых грозных баявых падзей, што разгарнуліся калісьці на найпрыгажэйшай прыдняпроўскай зямлі. Не сціхае боль, не затуманьваецца слава народнага подзвігу. Мы ганарымся, смуткуем і памятаем.

Восень 43-га. Вецер гнаў вострыя, халодныя хвалі, а на рацэ, апетай паэтамі і музыкантамі, рваліся варожыя снарады, уздымаючы слупы вады і агню. У паветры павісалі ракеты, раздаваліся стрэлы, а бераг, на які перапраўляліся байцы ў складзе штурмавых груп, ахутаў густы дым. Ды нікога з адважных абаронцаў гэта не палохала: наперад, толькі наперад! У небывалай па сваім размаху і напружанні дняпроўскай бітве ўсе былі героямі.

Наступальныя дзеянні па вызваленні Камарына і яго ваколіц ажыццявілі байцы 360-га стралковага палка 74-й стралковай дывізіі 13-й арміі (камандзір – палкоўнік Мікалай Сташак), а таксама 129-я асобная танкавая брыгада (камандзір – палкоўнік Мікалай Пятрушын). Дзясяткі воінаў, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра на гэтым участку, былі прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Многія адзначаны ордэнамі і медалямі. Больш за тры з паловай тысячы доблесных сыноў Айчыны аддалі свае жыцці дзеля перамогі над ворагам у цяжкай дняпроўскай бітве ў межах Камарынскага і Брагінскага раёнаў.

Так дата 23 верасня 1943 года ўвайшла ў гісторыю Айчыны як пачатак вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І наш паклон, шчырая ўдзячнасць, светлая памяць – усім, хто не павярнуў назад, не скарыўся перад ворагам, адстаяў свабоду. Гераічнае мінулае дапамагае ўсвядоміць: няма большага шчасця, чым жыць у міры і спакоі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА