Па добрай традыцыі ў трэцюю нядзелю верасня сваё прафесійнае свята будзе адзначаць калектыў ДЛГУ “Камарынскі лясгас”. Напярэдадні мы пабывалі ў Петрыцкім лясніцтве, сустрэліся з людзьмі, якія нясуць нялёгкую вахту па ахове зялёнага сябра ад пажараў, праводзяць узнаўленчыя работы, забяспечваюць рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду.
У апошнія гады кожны, хто звязаў свой лёс з гэтай установай, яшчэ ў большай ступені адчувае сваю адказнасць за наша нацыянальнае багацце – лясы Беларусі. Яны складаюць аснову экалагічнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця дзяржавы. Лесаводам даводзіцца пераадольваць вынікі экалагічнага бедства: сасновыя бары знішчае вяршынны караед. Прафесійнае свята азмрочвае трывога за тысячы гектараў насаджэнняў. Глядзець, як высыхаюць дрэвы, пашкоджаныя жуком-караедам, балюча. Зямля бяднее на “зялёнае золата”. Змагацца з біялагічным пажарам дапамагаюць лясгасы Гомельскага і Гродненскага раёнаў.
“Высечка галоўнага карыстання па хвойнай гаспадарцы не праводзіцца, – расказаў нам галоўны ляснічы, першы намеснік дырэктара ДЛГУ “Камарынскі лясгас” Андрэй Забалотнікаў. – Усе сілы кінуты на распрацоўку сасновых плантацый, якія высыхаюць. За восем месяцаў яны склалі 1500 га”.
Восенню бягучага года на гэтым месцы, па словах Андрэя Мікалаевіча, пойдуць у рост маладыя саджанцы на плошчы 250 гектараў, а ў 2019-м – на 700 га. Працавітыя рукі улюбёных у сваю справу людзей будуць клапоціцца пра дрэўцы, назіраць за іх ростам, аберагаць ад прыроднай стыхіі, хвароб. Сёлета зафіксавана два выпадкі пажараў і тры – узгаранняў, якія ліквідавалі сваімі сіламі. Відыёназіранне вядзецца кругласутачна. Захаванне і рацыянальнае выкарыстанне лясоў з’яўляецца важнай дзяржаўнай задачай, з якой калектыў спраўляецца паспяхова, выконвае свае абавязкі з пачуццём адказнасці. Прыклад паказваюць ветэраны.
Бухгалтар з 35-гадовым стажам Віктар Патапенка прыйшоў у Камарынскі лясгас 31 студзеня 1983 года пасля службы ў арміі. Прафесіянал, якому даручаны не толькі налічэнне заработнай платы, але і водпуск гатовай прадукцыі насельніцтву, улік матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей, пастаянна павышае веды, авалодвае новымі праграмамі вядзення дакумен-тацыі пры дапамозе камп’ютара. Напярэдадні свята стараннасць і адданасць прафесіі Віктара Аркадзьевіча будуць адзначаны Ганаровай граматай Гомельскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання.
Граматы чакаюць майстра лесу (звязаны з галіной больш за 15 гадоў) і вальшчыка Андрэя Круса, які не толькі прымае ўдзел у спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў пад назвай “Лесоруб”, але і перамагае ў іх.
Ганаровай граматы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь удастоены вадзіцель Васіль Шпетны, які заняты на вывазцы лесу. Неаднаразова ён займаў першыя месцы ў вобласці сярод калег.
У дырэктара ДЛГУ “Кама-рынскі лясгас” Аляксандра Дзягцярыка ёсць надзейны памочнік. Гэта Таццяна Шпетная, якую людзі з павагай называюць “наш ідэолаг”, падкрэсліваючы тым самым яе арганізатарскія здольнасці, уменне наладзі-ць работу з людзьмі, заўважыць іх поспехі і праявіць ініцыятыву, каб старанных і сумленных адзначылі.
Мы назвалі прозвішчы толькі некалькіх прадстаўнікоў установы, хаця неацэнны ўклад у прымнажэнне прыродных рэсурсаў раёна ўносяць усе.
Паважаныя працаўнікі лесу, са святам вас! Дзякуй за паўсядзённую і напружаную працу на карысць усіх! Няхай шумяць лясы Брагіншчыны, радуюць нас сваімі дарамі. Моцнага ўсім здароўя, сямейнага дабрабыту і шчасця, новых працоўных дасягненняў і перамог.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ