Напярэдадні гэтай даты Брагінская раённая арганізацыя ГА “БРПА” сабрала ўдзельнікаў і гасцей на II Пленум, каб абмеркаваць вынікі дзейнасці, а таксама абраць старшыню і новы склад раённага савета.
Па словах метадыста Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталлі ФУРС, раённая арганізацыя ГА “БРПА” налічвае 12 дружын, у складзе якіх – 990 хлопчыкаў і дзяўчынак. Аб’яднанне з’яўляецца своеасаблівым мастом, які злучае адукацыйную і жыццёвую прастору дзяцей, дапамагае ім самарэалізавацца, дае магчымасць бавіць час цікава і карысна. Дзеля гэтага праводзіцца мноства разнастайных рэспубліканскіх і абласных акцый і конкурсаў: “Наша піянерская праца табе, Айчына!”, “Жывы летапіс піянерыі”, “Цуды на Каляды” і інш., ваенна-спартыўныя і патрыятычныя гульні.
– Мэта беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі – дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, – гаворыць Наталля Мікалаеўна. – Быць піянерам – значыць быць мэтанакіраваным, актыўным, добрым, і самае галоўнае: словы тых, хто папоўніў рады піянерыі, ніколі не павінны разыходзіцца са справай.
Старшынёй раённай арганізацыі ГА “БРПА” абрана Марына Кечка, якая звярнулася да членаў савета з заклікам актыўна ўключацца ў работу, дзяліцца сваімі ідэямі і задумкамі.
Прысутныя таксама пазнаёміліся з планам дзейнасці аб’яднання на 2017/2018 навучальны год.
Напрыканцы сустрэчы лепшыя педагогі-арганізатары, у ліку якіх – Валянціна Краўчанка (Брагінская СШ), Мікалай Зайцаў (Вуглоўская СШ), Жанна Санцэвіч (Іялчанская СШ), атрымалі лісты з падзякай.
Традыцыйна ў дзень нараджэння ГА “БРПА” ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшлі тэматычныя мерапрыемствы. Так, у гімназіі г.п. Брагіна падчас урачыстай лінейкі ў рады раённай піянерскай арганізацыі прыняты 15 чалавек.
