З галоўным заатэхнікам адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінка” Любоўю Семянчук абыходзім вытворчыя памяшканні Шкуратоўскага малочнага комплексу. “Гэта цэх сухастою”, – тлумачыць Любоў Фёдараўна. – Сюды мы пераводзім кароў за два месяцы да ацёлу, а потым – у радзільнае аддзяленне, секцыю раздою, дзе на працягу ста дзён яны будуць атрымліваць па 450 грамаў канцэнтратаў на літр малака і па кілаграму – на галаву, акрамя кармасумесяў”.
Паточна-цэхавая сістэма вытворчасці малака дзейнічае, у “Брагінцы” прытрымліваюцца тэхналогіі. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі раённага семінара-вучобы, які прайшоў на базе сельгаспрадпрыемства. Каб пераняць вопыт, сюды прыязджалі кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты зааветслужбы не толькі нашага раёна, але і Хойніцкага. Паглядзелі, у якіх умовах утрымліваецца жывёла, як арганізавана яе кармленне, даенне, лячэнне і вакцынацыя. Прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца своечасова. Тлумачэнні даваў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Андруш, які быў ініцыятарам гэтага мерапрыемства. Дарэчы, усё малако рэалізуецца на перапрацоўку гатункам экстра.
Узначальвае комплекс Аляксандр Семянчук. Як і яго жонка, выпускнік сельгасакадэміі. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі адзначылі, што Любоў Фёдараўна лічыцца вопытным і прынцыповым спецыялістам. Работа ў жывёлагадоўлі, нягледзячы на спецыфіку і асаблівасці, цяжкасці, ёй падабаецца. Аб гэтым жанчына расказвала, калі мы чакалі адну з лепшых даглядчыц гаспадаркі Ірыну Карсак. За ёю замацаваны дзве групы маладняку – ад чатырох да дзевяці месяцаў. Упраўляцца з вялікай колькасцю цялят дапамагае муж. Але ж без любові да справы, якую выбрала, на добрыя вынікі наўрад ці можна было б разлічваць.
Па словах галоўнага заатэхніка, у іх усе даглядчыкі – цудоўныя людзі і сумленныя працаўнікі. Марыя Грынкевіч у свае 70 год дасць фору любому. Паспявае і сваіх гадаванцаў накарміць (іх у яе групе 200), і тры разы з’ездзіць у Брагін на веласіпедзе.
У абедзенны час сустрэліся з аператарам машыннага даення Аксанай Панасевіч і слесарам Максімам Шубянком. Перапынак у іх быў кароткі, чакалі, пакуль сваю работу выканаюць спецыялісты арганізацыі, якая абслугоўвае даільнае абсталяванне. Разам з імі працуе і Валянціна Маружэнка. Прысесці, адпачыць людзям ёсць дзе.
На тэрыторыі фермы ўстанавілі стол, лавы, высадзілі кветкі. Парадак стараюцца падтрымліваць, і не таму, што сюды часта наведваюцца госці. Для сябе.
Ніна СІНІЛАВА