Да 28 градусаў цяпла чакаецца на поўдні Беларусі ў выхадныя

Грамадства

00012

Аб гэтым паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Па-ранейшаму ў многіх рэгіёнах краіны назіраецца дэфіцыт ападкаў. За май і першыя дні чэрвеня па краіне ў асноўным выпала каля палавіны нормы ападкаў, а ў некаторых рэгіёнах і таго менш. Напрыклад, у Жлобінскім раёне ў чэрвені наогул не было дажджу, а за паўтара месяца выпала толькі 10 працэнтаў кліматычнай нормы. Прычына таго — перавага антыцыкланальнага характару надвор’я. І ў бліжэйшыя дні змянення сітуацыі не чакаецца. Аднак радуе тое, што на змену халоднаму антыцыклону з замаразкамі прыходзіць цёплы антыцыклон», — сказалі ў Белгідрамеце.

У суботу і нядзелю, 9-10 чэрвеня, Беларусь апынецца пад уплывам антыцыклону са Скандынаўскага паўвострава. Будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы.

Тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў вышэй за нуль, па паўночным усходзе — плюс 3-6. Днём будзе 18-25 градусаў цяпла, у паўднёвых раёнах — 26-28 градусаў цяпла.

У пачатку наступнага тыдня будзе па-летняму цёпла і без ападкаў. У панядзелак, 11 чэрвеня, тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў вышэй за нуль, удзень — 20-26 градусаў цяпла.

Па паўднёвым захадзе ноччу будзе плюс 15-16, удзень — 27-29 градусаў цяпла.

БелТА