Дзе любоў там і згода. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі мерапрыемства, якое прайшло на аграсядзібе “Вішанька” па ініцыятыве тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённага аб’яднання прафсаюзаў.
15 мая пад дахам утульнага і гасціннага дома Чубсаў сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў. І тыя, хто пражыў у шлюбе не адно дзесяцігоддзе, і тыя, хто звязаў свае лёсы нядаўна. Паколькі гаспадары сядзібы займаюцца арганічным земляробствам, а іх госці актыўна развіваюць дамашнюю гаспадарку (амаль усе жывуць у сельскай мясцовасці), спачатку зрабілі экскурсію на ўчастак, дзе вырошчваюцца садавіна і гародніна, ягады, паглядзелі, у якіх умовах утрымліваюцца птушка і козы. Ад Аляксандра Чубсы, які з’яўляецца экспертам па арганічным земляробстве, атрымалі адказы на свае пытанні і парады.
А потым пачалася дыскусія на тэму, якой павінна быць ячэйка грамадства, у чым яе маральныя каштоўнасці, як выхаваць дзяцей сумленнымі і працавітымі. Слухаючы расказ былой настаўніцы Рымы Захожай, многія ў думках згаджаліся з ёй, што шчаслівая сям’я – быццам ранішняе неба, а дом сагравае не печ, а любоў і згода. Сакрэтам, як захаваць пачуцці, павагу і любоў на многія гады, дзяліліся Алена і Мікалай Кушнеры з Буркоў, Наталля і Аляксандр Захожыя-Чыкіны з Лубенікоў, дачка і маці Анастасія і Марына Зяленіны.
Вольга і Міхаіл Аўдзеенкі, Аляўціна і Сяргей Навумавы не пабаяліся ўзяць на сябе клопаты аб выхаванні чужых дзяцей. Цяпер у іх дамах шумна і весела. За агульным сталом, кажуць, ежа смачнейшая.
Як высветлілася, усе жанчыны – добрыя гаспадыні, адмысловыя кулінары. Гэта таксама ўплывае на трываласць шлюбу, бо калі мужык з жонкай сварацца, у гаршку трасца варыцца. Сем’і, якія сабраліся разам у той дзень, не раз здзіўлялі гасцей і ўдзельнікаў раённых мерапрыемстваў стравамі, прыгатаванымі па рэцэптах продкаў.
Падчас сустрэчы, якая сагравала сэрцы, дарыла добры настрой, гучалі песні пад баян, што яшчэ больш згуртоўвала прысутных.
– Я ўдзячна арганізатарам мерапрыемства за магчымасць пагутарыць з цікавымі і шчырымі людзьмі, у душах якіх жывуць міласэрнасць, спагада, – падзялілася думкамі Аксана Ганчар. – За іх навуку і падказкі. Дамоў вяртаюся з рэцэптам пышных і апетытных пірагоў, які мне дала Наталля Захожая.
Па словах Іаана Златавуста, сям’я – малая царква. Калі тут пануе лад, і шчасце дарогу не забывае. На памяць аб мерапрыемстве каардынатар праектнай дзейнасці ў нашым раёне Жанна Чубса ўручыла ўсім падарункі.
Ніна СІНІЛАВА