Прадстаўнікі Міхайла Кацюбінскага з суседняй Украіны напярэдадні 9 мая наведалі Брагіншчыну

Грамадства

ukraina 2

Час пераконвае, што памяць нельга знішчыць, а гісторыю – перапісаць. Ісціна – адзіная з катэгорый, якая перамагае заўсёды, гэта даказвалася развіццём грамадства неаднаразова. Ведаць, захоўваць і перадаваць моладзі праўду аб Вялікай Айчыннай – задача людзей сталага ўзросту.

Добра ўсведамляюць гэта і прадстаўнікі Міхайла Кацюбінскага з суседняй Украіны, якія напярэдадні 9 мая наведалі Брагіншчыну. Сваім святым абавязкам яны лічаць ускладанне кветак і вянкоў да магіл савецкіх воінаў, што загінулі падчас фарсіравання Дняпра і баёў за вызваленне Беларусі. “Яны пачыналі свой подзвіг на ўкраінскай тэрыторыі, а закончылі яго тут, на зямлі Беларусі. Не дзяліліся байцы на нацыянальнасці, вызвалялі Радзіму, аддавалі жыцці за агульную свабоду і мір на зямлі”, – канстатуе старшыня Савета ветэранаў Чарнігаўскага раёна Анатоль Скуратовіч.

На мяжы дзвюх краін гасцей сустракалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалай Яшчук, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач і старшыня Камарынскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Свіслоўскі. Госці ўсклалі вянкі да помніка воінам-вызваліцелям і стэлы, наведалі школьны музей, алею славы.

А ў Асарэвічах пахавана Алена Бялевіч, удзельніца партызанскага атрада імя Кацюбінскага. Пад час нямецка-фашысцкай акупацыі дзяўчына стварыла падпольную групу «Юныя патрыёты» (налічвала 21 чалавека, у тым ліку дзевяць аднакласнікаў). У 1941-1943 гады яны расклейвалі лістоўкі, хавалі савецкіх воінаў, збіралі разведданыя. У студзені 1943-га юнакі і дзяўчаты даведаліся пра пагрозу арыштаў. Група адышла ў лясы, юныя падпольшчыкі сталі партызанамі.

ukraina

ukraina 4

ukraina 6

Падчас разведкі ў Іёлчы Алена Бялевіч і Міхаіл Сіманенка былі схоплены ворагам і адпраўлены ў вёску Асарэвічы. Мужныя патрыёты загінулі 2 мая 1943 года і пахаваны ў беларускай зямлі. Кладуцца на халодныя пліты кветкі, схіляюцца галовы. Хвіліна маўчання…

Ушаноўваць памяць і думаць пра будучае – так можна вызначыць лейтматыў гэтых сустрэч. Супрацоўніцтву пасёлкаў шмат гадоў, і яно мае будучыню. Як адзначыў Мікалай Завальны, старшыня Міхайла Кацюбінскага пасялковага Савета, ёсць перспектывы ў аграрным, культурным, турыстычным накірунках.

Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК