Брагінскі раён – у ліку лепшых: дасягнуў высокіх паказчыкаў у эканоміі энергарэсурсаў

Грамадства

ocka2

Занясенне на абласную Дошку гонару было прымеркавана да Першамая і стала сімвалам пераемнасці працоўных традыцый пакаленняў. І сапраўды, калі, як не ў гэты дзень, ушаноўваць лепшых, адзначаць дасягненнні і ўклад у развіццё рэгіёна.

2 мая ў абласным драматычным тэатры сабраліся прадстаўнікі калектываў, кіраўнікі раёнаў і ўстаноў, дзе дасягнулі значных поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў. Ён адзначыў, што роля гэтага грамадскага аб’яднання застаецца нязменнай – абарона правоў працоўных. Прафсаюзы – тая арганізацыя, якой да ўсяго павінна быць справа. У полі яе зроку — і стварэнне ўмоў для працы, і арганізацыя адпачынку, і развіццё асобы. “Першамай – гэта не толькі добрая савецкая традыцыя, гэта свята, якое і зараз нас аб’ядноўвае, бо менавіта працы мы прысвячаем значную частку жыцця. І ад таго, як мы будзем працаваць, залежыць наша сёння і будучыня, – адзначыў лідар прафсаюзаў вобласці. – Калі ў грамадстве ёсць згода і разуменне, можна пераадолець любыя складанасці, вырашыць любыя задачы, і менавіта за канструктыўны сацыяльны дыялог выступае наша арганізацыя”. Дакладчык спыніўся на значнасці сацыяльнага партнёрства: толькі ўзаемадзеянне паміж прафсаюзамі, уладай і наймальнікамі прыводзіць да поспехаў.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання на сцэну запрашаліся тыя, каму па праву можна ганарыцца дасягнутым. Кіраўнікі навуковых устаноў, сельгаспрадпрыемстваў, аховы здароўя, адукацыі, культуры, прамысловасці, будаўніцтва, транспарту – няма той галіны, якая б не была прадстаўлена.

Пераможцаў выбралі ў 48 намінацыях. Так, за поспехі ў прамысловым сектары адзначана ААТ «Палесдрук», у сельскай гаспадарцы – КСУП «Саўгаскамбінат «Зара» Мазырскага раёна, ЖКГ – КЖУП «Уніком» са Жлобіна. Лепшай сярод устаноў, якія аказваюць медыцынскую дапамогу насельніцтву, стаў абласны кардыялагічны цэнтр.

Прыемна адзначыць, што і Брагінскі раён – у ліку лепшых: дасягнуў высокіх паказчыкаў у эканоміі энергарэсурсаў.

Пасведчанне аб занясенні на абласную Дошку гонару губернатар Уладзімір Дворнік уручыў старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Кохану і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Калясану.

docka

Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота аўтара