На ўрачыстым сходзе, прысвечаным юбілею Гомельскай вобласці, прысутнічалі прэм’ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў, творчай інтэлігенцыі, студэнцтва, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі мясцовых органаў улады, дэлегацыі Бранскай і Чарнігаўскай абласцей.
“У аснове поспеху Гомельскай вобласці ляжаць праца, талент і дасягненні кожнага яе жыхара, – падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. – За 80 гадоў наш край прайшоў няпросты шлях, амаль уся яго гісторыя звязана з ростам прамысловай моцы, працай заводаў-гігантаў, рэкордамі хлебаробаў і механізатараў. Ратны і працоўны подзвіг рэгіёна ацэнены дастойна: у 1967 годзе вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Малая радзіма заўсёды натхняла нашых людзей на вялікія справы”.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што рэгіён паспяхова развіваецца і на сучасным этапе. Гэта пацвярджаецца тым, што за апошнія 17 гадоў аб’ём прамысловай вытворчасці сельгаспрадукцыі павялічыўся ў два разы, рознічнага тавараабароту – у пяць разоў, інвестыцый у асноўны капітал – у тры разы. Гомельская вобласць уносіць значны ўклад у агульную скарбонку поспехаў дзяржавы. Менавіта тут першымі ў рэспубліцы пачалі працу папяровая фабрыка і завод метызных вырабаў, у нас размешчана адзіная ў краіне вытворчасць камбайнаў. На тэрыторыі вобласці працуюць найбуйнейшыя ў СНД і Еўропе заводы па вытворчасці шкла і металу. Уся здабыча беларускай нафты і газу ажыццяўляецца на Гомельшчыне.
Старшыня аблвыканкама адзначыў дасягненні ў ахове здароўя, адукацыі, культуры, спорце. “Аднак галоўным багаццем краю заўсёды былі і застаюцца людзі. Вобласць і далей будзе прырастаць новымі аб’ектамі, высокімі дасягненнямі, пакуль тут жывуць сапраўдныя патрыёты”, – канстатаваў Уладзімір Дворнік.
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў агучыў Падзяку Прэзідэнта Рэс-публікі Беларусь працаўнікам Гомельскай вобласці за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння рэгіёна. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслаў Пірштук уручыў Уладзіміру Дворніку Ганаровую грамату, якой па рашэнні савета Палаты прадстаўнікоў узнагароджана Гомельская вобласць за вялікі ўклад у развіццё сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Беларусі.
У святкаванні юбілею вобласці прынялі ўдзел і прадстаўнікі Брагіншчыны. Гэта людзі, якія ў розны час узначальвалі і ўзначальваюць раён, уносяць значны ўклад у развіццё рэгіёна. Афіцыйныя мерапрыемствы завяршыў святочны канцэрт, на якім выступаў і наш зямляк Вячаслаў Гаршкоў.
Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота аўтара