З мэтай матэрыяльнага і маральнага заахвочвання жывёлаводаў, павышэння прэстыжу чалавека працы, нарошчвання аб’ёму вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі ў рэспубліцы праводзіцца акцыя “Наш жывёлавод”.
Стартавала акцыя 1 снежня 2017-га і прадоўжыцца да 1 красавіка 2018 года. Як і ў мінулым годзе, разам са старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Балобанам правядзём за гэты час маніторынг усіх малочнатаварных ферм і комплексаў раёна па пытаннях забеспячэння санітарна-бытавымі ўмовамі, спецвопраткай і абуткам, захавання заканадаўства аб працы. Лепшым будуць уручаны лісты з падзякай і падарункі.
Першымі іх атрымалі жывёлавод і аператар машыннага даення кароў Рыжкаўскай фермы ААТ “Імя Жукава” Алег Пікуль і Аксана Калашнікава. Як высветлілася, па жыцці яны крочаць разам восем гадоў, выхоўваюць дваіх дзяцей. Алег Іванавіч звязаны з жывёлагадоўляй два дзесяцігоддзі, паспеў папрацаваць на ферме да службы ў арміі. Вопытным аператарам лічыцца і яго жонка. Віктар Іванавіч выказаў ім словы глыбокай падзякі, пажадаў усяго найлепшага.
Лідар прафсаюзнай арганізацыі з задавальненнем адзначыў, што кіраўніцтва гаспадаркі прыслухалася да яго парад, адрамантавала грубку, дзверы ў пакоі для адпачынку. Забяспечыла працаўнікоў фермы абуткам і спецвопраткай.
Ніна СІНІЛАВА