14 снежня 90-годдзе з дня нараджэння адзначыла заслужаны настаўнік БССР Юзэфа Савельеўна Яроцкая

Грамадства

90 let_sait

 У гэты дзень яе чакаў сюрпрыз: з віншаваннямі завіталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Калясан, прадстаўнікі прафсаюзнага руху Вольга Змітровіч і Алена Сапожнікава.

Гасцей імянінніца сустракала са шчырай, ветлівай усмешкай, была вельмі кранута аказанай увагай. Аляксандр Іванавіч выказаў юбіляршы глыбокую ўдзячнасць за вялікі ўклад у выхаванне многіх пакаленняў, пажадаў шчасця і здароўя на доўгія гады, уручыў падарунак.

У 1953 годзе, пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута, Юзэфа Савельеўна пачала працоўную дзейнасць у якасці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ў Камарынскай СШ. Сваёй любімай справе – вучыць дзяцей – прысвяціла больш за трыццаць гадоў. А пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ доўгі час знаходзілася ў цэнтры школьных падзей, у асяроддзі дзяцей і моладзі. Прычым яна заўсёды была пераканана ў тым, што вучні павінны не толькі атрымліваць веды ў рамках навучальнай праграмы, але і ўсведамляць агульначалавечыя каштоўнасці – дабрыню, справядлівасць, працавітасць.

Засталіся ў далёкім мінулым урокі, нарады, бацькоўскія сходы, але для былых калег і вучняў Юзэфа Савельеўна і зараз, у 90 год, з’яўляецца пазітыўным чалавекам, які стварае вакол сябе аўру дабра, дорыць аптымізм усім, хто знаходзіцца побач. Заўсёды рада бачыць у сябе ў гасцях і сённяшніх вучняў Камарынскай СШ, якія ніколі не забываюць павіншаваць настаўніцу са святочнымі датамі. Не стаў выключэннем і дзень юбілею.

За сваю шматгадовую працу Юзэфа Савельеўна ўдастоена звання “Заслужаны настаўнік БССР”, узнагароджана знакам “Выдатнік народнай адукацыі БССР”.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара