11 кастрычніка стартаваў новы этап сацыяльнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». Раней ініцыятыва існавала ў выглядзе інтэрактыўных урокаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікамі на якіх выступалі вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты, акцёры, тэлевядучыя і спартсмены. Сёлета праект запускаецца ў фармаце рэспубліканскага анлайн-конкурсу, удзельнікамі якога стануць навучэнцы 7–8 класаў з усёй Беларусі. Яго мэта – адкрыць для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, а таксама выкарыстаць магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі.
Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вучням 7–8 класаў прапаноўваецца запісаць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Гэта можа быць як паэзія, так і проза. Затым трэба размясціць яго на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы (ВКонтакте, Facebook, Instagram) з хэштэгам #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom, а таксама выслаць спасылку на публікацыю на афіцыйны адрас конкурсу – movakonkurs@gmail.com.
Відэазапісы ўдзельнікаў прымаюцца да 30 лістапада 2017 года.
На першым этапе праекта будуць вызначаны па 30 лепшых канкурсантаў з кожнай вобласці і г. Мінска. З лютага па красавік 2018 года пройдуць рэгіянальныя фіналы, дзе чытальнікі выступяць перад журы ўжывую. Пяцёра лепшых ад кожнага рэгіёна будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале. Ён пройдзе ў Мінску ў маі 2018 г., пераможцам конкурсу будуць уручаны смартфоны маркі Apple.
«За першыя два гады рэалізацыі праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» наша каманда праехала 21 000 кіламетраў і правяла ўрокі ў 184 школах і гімназіях у 40 населеных пунктах. Сёння мы рады пачаць новы этап праекта, які дазволіць ахапіць кожную школу Беларусі, – каментуе начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. – І калі першы этап быў накіраваны на малодшых школьнікаў, то цяпер мы звяртаемся да вучняў 7–8 класаў. Новы фармат конкурсу дыктуе сам час, для падлеткаў цяпер звыклыя смартфоны і сацыяльныя сеткі. Наша мэта – выкарыстаць сучасныя тэхналогіі, каб звярнуць увагу школьнікаў на прыгажосць беларускага слова, велізарны і разнастайны пласт выдатных твораў нашых аўтараў».
Ацэньваць работы ўдзельнікаў будуць пастаянныя сябры журы праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Ліпскі, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт. У склад журы таксама ўвойдуць дзеячы культуры, адукацыі і спорту.
«Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта неверагодная ініцыятыва, таму што яна аб’ядноўвае тысячы дзяцей з усёй Беларусі. У цэнтры праекта – адзін з галоўных складнікаў культурнай спадчыны нашай краіны – беларуская літаратура, – лічыць Раіса Баравікова. – Дзякуй кампаніі velcom за тое, што яна працягвае надаваць вялікую ўвагу развіццю беларускай мовы і літаратуры і прыцягвае да такога карыснага праекта нас, беларускіх пісьменнікаў».
Падчас прэзентацыі конкурсу, якая прайшла ў 136 школе г. Мінска, вучням, гасцям і журналістам падрабязна распавялі правілы ўдзелу ў праекце. Першымі будучых удзельнікаў конкурсу падтрымалі прадстаўнікі ад Беларусі на дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне» ў 2015 і 2017 гг. – Руслан Асланаў і Хелена Мерааі.
«Я ведаю, як важна мець падтрымку ў любых сваіх пачынаннях ад сяброў, бацькоў, старэйшых. І менавіта таму я сёння тут. Хачу пажадаць поспеху кожнаму з будучых удзельнікаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom», – распавяла Хелена Мерааі. Прадстаўніца ад Беларусі ў дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне-2017», фінал якога адбудзецца 26 лістапада ў Тбілісі, прызнаецца, што захапляецца беларускай літаратурай, а яе любімы беларускі аўтар – Васіль Быкаў.