Пустуючыя дамы, пахіленыя агароджы, зараснікі пустазелля – такія пейзажы, згадзіцеся, не ўпрыгожваюць нашы вёскі. Хочацца бачыць іх утульнымі, маляўнічымі, дагледжанымі. Нават пры невялікай колькасці жыхароў. І калі ёсць гаспадарскі падыход, неабыякавасць мясцовага насельніцтва, так і атрымліваецца. У іншым выпадку зрухаў да лепшага не чакай.
На актывізацыю дзейнасці ў даным напрамку, далучэнне да агульнай справы як мага большай колькасці людзей накіраваны і агляд-конкурс па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, што праводзіцца сярод сельскіх Саветаў Брагіншчыны. З аднаго боку – добрая магчымасць падштурхнуць дэпутацкі корпус да пошукаў новых формаў работы, цікавых ідэй па паляпшэнні знешняга выгляду вёсак, з другога – абудзіць ініцыятыву, заявіць выніковай працай аб сабе. Сёлета, дарэчы, дыплом першай ступені ў намінацыі «Самая добраўпарадкаваная тэрыторыя» дастаўся Чамярыскаму сельсавету на чале з Адамам Царанком. І не выпадкова: можна прыкмеціць змены як у абліччы сельскіх вуліц, так і ў якасці жыцця вяскоўцаў.
На падведамаснай тэрыторыі – 11 населеных пунктаў, у якіх пражывае 1105 чалавек. Працягласць сельсавета складае 30 кіламетраў. Так што кабінетны стыль работы – не для старшыні. Патрэбна ведаць стан спраў, настрой людзей, іх запыты і патрэбы ў кожнай, нават самай аддаленай вёсцы. А праблемы? Яны ў мясцовых жыхароў самыя розныя: ад сацыяльна-бытавых да сямейных. Так што часам даводзіцца і выступаць міратворцам у канфліктных сітуацыях, і развязваць жыццёвыя вузлы. Работа абавязвае знаходзіцца з насельніцтвам на сувязі, можна сказаць, дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. А да ўсяго яшчэ патрэбна дадаць апаратныя і селектарныя нарады, работу на тэрыторыі Савета па прадухіленні пажараў, прафілактыцы п’янства, ахове правоў дзяцей… Кола спраў кіраўніка першаснага звяна ўлады даволі шырокае. Таму і не дзіўна, што ў час нашай сустрэчы з Адамам Анісімавічам таксама былі тэлефонныя званкі, а размову перарваў візіт прадстаўнікоў землеўпарадкавальнай службы і прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якія задзейнічаны ў работах па вызваленні тэрыторый ад непатрэбных пабудоў. Падыход да рэалізацыі прэзідэнцкага ўказа, накіраванага на ўдасканаленне ўліку і скарачэнне колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці, – самы сур’ёзны.
Толькі ў мінулым і бягучым годзе, па словах Адама Анісімавіча, сельскія вуліцы пазбавіліся ад 94-х такіх хацін – да працэсу ў асноўным далучаецца Брагінскае ПМС. Больш за 100 вызваленых гектараў уведзены ў севазварот. Ад кожнага такога кавалка зямлі, па меркаванні старшыні, патрэбна атрымаць аддачу. Тым больш што сродкі з дзяржаўнай казны затрачваюцца немалыя: 88 тысяч рублёў каштаваў толькі сёлетні знос 42-х непрыдатных для пражывання дамоў. І работы на гэтым, вядома, не завяршаюцца. Жыхароў у вёсках з кожным годам становіцца менш. А які выгляд набывае хата без гаспадара? Сумная ды змрочная карціна. Вось і даводзіцца, калі не знайшлося наследнікаў, зноў брацца за справу сельскаму Савету.
У апошні час, дарэчы, тут актыўна займаюцца зносам і іншых непатрэбных будынкаў, у ліку якіх значыліся былыя гандлёвы цэнтр, клуб, лазня ў Старых Хракавічах, памяшканні для маладняку ў Новых Хракавічах і Чамярысах. На тэрыторыі Савета ліквідаваны дзясяткі смеццезвалак, спілава на звыш 60 аварыйных дрэў, абгароджаны могілкі ў Грушным. І гэта, вядома, далёка не поўны пералік спраў па навядзенні парадку на зямлі. Добра, што спрыяе вырашэнню многіх надзённых пытанняў работа ў камандзе: у абнаўленні, прыхарошванні навакольных мясцін зацікаўлены ўсе мясцовыя працоўныя калектывы. Але ж у найбольшай ступені, як падкрэслівае Адам Анісімавіч, адчуваецца падтрымка, асабліва ў матэрыяльным плане, адкрытага акцыянернага таварыства «Чамярыскі».
Каб вырашыць, напрыклад, адразу дзве праблемы – і прывесці ў належны стан вёскі, і забяспечыць беспрацоўных работай – пайшлі наступным шляхам: пры сельскім Савеце ў сакавіку бягучага года стварылі будаўнічую брыгаду ў складзе сямі чалавек. Дзякуючы ёй, у Новых і Старых Хракавічах, Чамярысах з’явілася новая агароджа агульнай працягласцю больш за 4000 метраў. З набыццём будаўнічых матэрыялаў і фарбы, выплатай заработнай платы людзям дапамог дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кот.
Зрушылася з месца таксама праблема добраўпарадкавання дарог: праведзены капітальны рамонт па двух вуліцах у аграгарадку Чамярысы і па адной – у вёсцы Хракавічы. Радаснай навіной для жыхароў апошняй, дарэчы, стала газіфікацыя іх населенага пункта.
Але каб у кожнай, нават самай маленькай вёсачцы было чыста, светла і ўтульна, плённая, мэтанакіраваная праца не павінна спыняцца. Нягледзячы на тое, што сёння старшыні яшчэ даводзіцца сутыкацца і з апатыяй, неахайнасцю асобных «гаспадароў», і з глухім, маўклівым супраціўленнем некаторых пры просьбе выйсці на суботнік. Дбайных і руплівых землякоў, шчыра зацікаўленых у агульным дабрабыце, прывабнасці мясцін, дзе нарадзіліся, працуюць і жывуць, усё-такі больш. Таму колькасць сядзіб, што прыцягваюць позірк сваёй прыгажосцю і дагледжанасцю, малымі архітэктурнымі формамі, кветкавым хараством, абавязкова будзе павялічвацца.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА