Вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі павялічваецца, растуць надоі і прывагі. Аграрыі па меры сіл і магчымасцяў стараюцца нарошчваць аб’ёмы малака і мяса. Да гэтагага падштурхоўвае і рынак з яго эканамічнымі складальнікамі. Аналізуючы вынікі работы жывёлаводаў рэспублікі за першае паўгоддзе, заўважыла, што наш раён – на 74-й пазіцыі са 118. Ад кожнай каровы надоена па 2186 кілаграмаў малака, што на 119 кілаграмаў больш мінулагодняга. Але быў і час, калі знаходзіўся на 47-м месцы.
Спосабаў павелічэння прадуктыўнасці кароў нямала, і адзін з іх – якасная кармавая база. Каб высветліць, як кантралюецца ход нарыхтоўкі сенажу і сіласу, накіраваліся ў аддзел лабараторнай дыягностыкі, дзе працуюць вопытныя спецыялісты. Ад іх кампетэнтнасці і прынцыповасці залежыць, які фураж трапіць у кармушку жывёле. Выпускніца акадэміі Віцебскай ветэрынарнай медыцыны Вольга Дзядзінкіна – намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна па дыягностыцы, яе памочніца Алена Пашкевіч – лабарант-таксіколаг. Дарэчы, прыйшла ў гэтую арганізацыю ў 1994 годзе, завочна скончыла Рэчыцкі зааветэрынарны тэхнікум і атрымала неабходныя тэарэтычныя веды. У спалучэнні з багатай практыкай яны дапамагаюць у рабоце.
“Першае, на што звяртаем увагу, калі прыязджаем у гаспадаркі – як падрыхтаваны ёмістасці для закладкі сіласу і сенажу, – расказала Алена Іванаўна. – Ці ачышчаны яны ад смецця, пяску, рэшткаў кармоў, ці прадэзінфіцыраваны растворам вапны. Дно траншэі па тэхналогіі неабходна высцілаць саломай, прывесці ў парадак пад’язныя шляхі і пляцоўкі. Калі выяўляем парушэнні, інфармуем аб гэтым кіраўніка сельгаспрадпрыемства, яго падначаленых”.
У гаспадарках Вольга Уладзіміраўна і Алена Іванаўна бываюць два-тры разы на тыдзень. На месцы правяраюць тэмпературу масы, яе вільготнасць. “Неабходна, каб прыборы, якімі карыстаемся мы пры вызначэнні гэтых двух параметраў, былі ў кожнай гаспадарцы, – растлумачылі яны. – Адкрытае акцыянернае таварыства “Чамярыскі”, напрыклад, іх купіла. Самастойна могуць вызначыць вільготнасць кансерваванага корму ў ААТ “Імя Жукава”, у астатніх сельгаспрадпрыемствах такіх апаратаў пакуль няма.
А вось утрыманне караціну, нітратаў, нітрытаў, як і радыялагічны кантроль – наш клопат. На цэзій-137 даследуем масу самі, а на стронцый-90 – у вобласці”.
У час нашай размовы ў лабараторыю зайшла галоўны заатэхнік ААТ “Імя Жукава” Святлана Козел. Гэтая гаспадарка закрыла сіласную яму ўмяшчальнасцю больш чым дзве тысячы тон за чатыры дні. На кожную такую ёмістасць выдаецца пашпарт з адлюстраваннем лабараторных даследаванняў. У час нарыхтоўкі сіласу намеснік галоўнага ветурача раёна і лабарант-таксіколаг адхіленняў ад нормы не заўважылі. У Мікулічах каля траншэі сустрэлі дзяжурнага, у наяўнасці была інфармацыйная картка і сшытак для запісаў папярэдніх праверак, пад’язныя шляхі выслалі саломай, а галоўнае – маса добра трамбавалася. Тэмпература і вільготнасць – у межах дапушчальнага.
Спецыялісты кантралююць таксама даўжыню рэзкі кукурузнай масы, і ўсё ж найбольш іх хвалююць тэмпы запаўнення траншэй і якасць трамбоўкі. Калі яна не вядзецца, б’юць трывогу.
Вяскоўцы прывыклі да іх патрабаванняў, таму стараюцца адразу ўхіляць недапрацоўкі. Як праінфармавала Алена Іванаўна, і сена, і сілас, і сянаж адпавядаюць першаму класу. Пры назапашванні кансерваванага корму некаторыя прымяняюць звычайную соль, а ў каго ёсць сродкі, набываюць прэпараты лаксіл або лаптафор. З назапашаных больш чым 15 тысяч тон сіласу даследавана 11 790 тон (шэсць траншэй). Сенажу для грамадскага статка заклалі 41 615 тон, праверана 39 954 тоны.
На думку Вольгі Уладзіміраў-ны, гэта добра. Але пажадана, каб сельгасвытворцы больш сеялі для грамадскага статка бабовых і бабова-злакавых траў і рыхтавалі з іх сянаж і сена. У ААТ “Імя Жукава”, да слова, адвялі поле пад люцэрну. На ім пасвіцца дойны статак. Гэтую каштоўную кармавую культуру неабходна вырошчваць ва ўсіх гаспадарках.
Ніна СІНІЛАВА