На 2 жніўня на яго рахунку было 1030 тон перавезенага збожжа.
Павіншаваць Аляксея Мікалаевіча і тых, хто перашагнуў тысячны рубеж па намалоце і дастаўцы зерня ад камбайнаў, у адкрытае акцыянернае таварыства адправіўся дэсант з ліку культработнікаў, прафсаюзных лідараў, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, моладзі. Тут працуюць людзі асаблівага гарту. Уборку каласавых вядуць старшыя камбайнеры, без памочнікаў. І жніво для іх пачалося значна раней, чым у другіх сельгаспрадпрыемствах. На рапсавых палях. Да ўсяго нагрузка на кожны камбайн (з улікам алейнай культуры) – найвышэйшая ў раёне. А калі браць пад увагу ўборачныя плошчы і іх аддаленасць ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі, разумееш, што даліся хлебаробам гэтыя тоны няпроста.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта першы намеснік стар-шыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Шэйка цёпла павіншаваў з працоўнымі дасягненнямі вадзіцеляў Аляксея Тамілку, Валянціна Бельчанку і Уладзіміра Петруненку, перадаў ім лісты з падзякай і падарункі. Дырэктар “Камарынскага” Рыгор Анапрэенка ўручыў Васілю Рыгоравічу духмяны каравай.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан спачатку накіраваўся да Аляксандра Мішчанкі, які першым сярод маладзёжных экіпажаў раёна намалаціў тысячу тон збожжа. Майка і галаўны ўбор блакітнага колеру з лагатыпам грамадскай арганізацыі прадназначаліся ме-навіта яму, а яшчэ – ліст з падзякай і падарунак. Да шчырых слоў у адрас аднаго з лепшых камбайнераў Брагіншчыны далучылася в.а. раённага камітэта ГА “БРСМ” Юлія Сапега, якая таксама падрыхтавала для яго падарунак. Аляксандр Мішчанка гэтага заслугоўвае. Хто ведае, як ён працуе не толькі ў час жніва, але і на працягу года, парадуецца за маладога механізатара.
На ячменным полі за стараннасць і высокія намалоты адзначылі старшага камбайнера Івана Давідзенку, які лідзіраваў з пачатку ўборачнай кампаніі. Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК Івану Уладзіміравічу ўручылі ліст з падзякай і падарунак.
Прыехалі парадавацца разам з камарынцамі нядрэннаму для гэтага года ўраджаю, падзякаваць за майстэрства і адданасць хлебнай ніве в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец, а таксама старшыня Камарынскага гарпасялковага Савета Віктар Свіслоўскі.
А як жа ў такія ўрачыстыя моманты без песень? Гучалі і яны, напаўняючы наваколле звонкімі галасамі работнікаў Брагінскага раённага дома культуры і акордаў баяна. Так атрымалася, што да хлебаробаў прадстаўнікі раёна прыехалі якраз у абедзенны час. Арганізацыяй гарачага харчавання людзі задаволены. Кожнаму камбайнеру і вадзіцелю прывезлі па дзве бутэлькі вады. Кароткі перапынак закончыўся хутка, і камбайны накіраваліся ў поле. Прадстаяла ўбраць яшчэ немалую плошчу.
Ніна СІНІЛАВА