Дзённік сельгасработ: тэхнічнае забеспячэнне

Сельская гаспадарка

Kombain

Галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Пінжакоў перад пачаткам жніва-2017 падлічыў, што нагрузка на кожны камбайн у сярэднім па раёне – 392 гектары, а ў асобных гаспадарках і таго больш. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Брагінскі”, напрыклад, 525 гектараў, а ў “Камарынскім”, з улікам рапсу, 571. Мінімальная яна толькі ў ААТ “Імя Жукава” – 290 гектараў.

Кіраўніцтва вобласці паклапацілася аб выдзяленні аграрыям Гомельшчыны па лізінгу 49 камбайнаў вытворчасці “Гомсельмаша”. Нашаму раёну з гэтай колькасці дасталося шэсць: тры КЗС-10 і столькі ж – КЗС-1218. Такому папаўненню машынна-трактарных паркаў, вядома, сельскія працаўнікі абрадаваліся. У гаспадаркі стэпавыя караблі прыйшлі якраз тады, калі ў іх была вялікая патрэба, і адразу ж прыступілі да абмалоту збожжавых.

У “Брагінскім” новы камбайн даручылі Аляксандру Кацубу і яго маладому памочніку Аляксею Кацубу, якія з першых хвілін ацанілі вартасці КЗС-1218. Па іх словах, ён удасканалены, камп’ютарызаваны, бункер больш умяшчальны. Задача экіпажа – працаваць на ім сумленна, высокапрадукцыйна, якасна. З дапамогай сучасных машын сельгасвытворцы змогуць паскорыць тэмпы жніва.

Ніна СІНІЛАВА