Магчыма, такой шчырай размовы з удзельнікамі жніва з ААТ “Імя Жукава” ў нас пры іншых абставінах і не атрымалася б, калі б не адна акалічнасць: пасля прайшоўшых напярэдадні дажджоў яны чакалі, калі падсохне калоссе. Пад цяністымі дрэвамі на траве размясціліся камбайнеры і іх памочнікі, гатовыя па камандзе галоўнага агранома адразу завесці свае стэпавыя караблі і, вобразна кажучы, пачаць бітву за хлеб.
Кароткі перапынак, які выдаўся ў вяскоўцаў у гэты напружаны час, мы і скарысталі, каб даведацца, што непакоіць людзей. Усе пытанні, якія ўзніклі ў іх, абмеркавалі потым з дырэктарам ААТ “Імя Жукава” Сяргеем Міхаленкам і прафсаюзным лідарам Галінай Прахарэнкай. Тым больш, што разам з намі на полі прысутнічалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ганна Бабрынёва і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан.
Дарэчы, высветліць усе нюансы аплаты працы, у тым ліку і натуральнай, а таксама норму выпрацоўкі, механізатары маглі на нарадзе, якая прайшла напярэдадні жніва з удзелам кіраўніцтва гаспадаркі і старшыні прафкама. За тое, што яны своечасова паставілі на лінейку гатоўнасці тэхніку, атрымалі па 200 рублёў прэміяльных.
Распрацавалі для іх і ўмовы спаборніцтва на перыяд уборкі зерневых і зернебабовых. Старшы камбайнер, які выканае ўстаноўленае заданне за сезон, атрымае бясплатна па 2 кг зерня за намалочаную тону, але не больш 1000 кг, камбайнер – 80% ад гэтай колькасці. Натураплата прадугледжана не толькі вадзіцелям, занятым на на адвозцы зерня, але і вадзіцелям пажарнай машыны, аўтобуса (па 300 кг зерня), а таксама трактарыстам-машыністам пагрузачных работ, аператарам сушыльнага комплексу, токару, зваршчыку, слесарам, якія абслугоўваюць уборачную тэхніку, і нават тым, хто задзейнічаны на прасаванні і сціртаванні саломы. За парушэнне вытворчай і працоўнай дысцыпліны натураплаты пазбавяць.
Па ўмовах спаборніцтва пасля завяршэння ўборкі збожжавых будуць заахвочаны пераможцы, якія зоймуць прызавыя месцы. За першае месца экіпаж атрымае прэмію ў суме 20 базавых велічынь, вадзіцель – у суме дзесяці. За другое і трэцяе месцы грашовыя выплаты меншыя. Прэміраванне прадугледжана ўсім катэгорыям работнікаў, якія даводзяць да ладу і перапрацоўваюць вырашчаны ўраджай.
У ААТ “Імя Жукава” выдатныя механізатары і вадзіцелі. У гаспадарцы гэтым ганарацца і падкрэсліваюць, што ўсе працуюць у аднолькавых умовах. Шанс стаць лепшым ёсць у кожнага, і людзі яго скарыстоўваюць. 27-ы сезон збожжавыя ўбірае Рыгор Раманюк, памочнікам у яго – Аляксандр Раманюк. Калегі Рыгора Рыгоравіча паведамілі нам гэты факт з працоўнай біяграфіі вопытнага камбайнера, каб мы расказалі аб ім на старонках мясцовага выдання. Імпануе, што людзі тут сочаць за ходам уборкі, раённага спаборніцтва і перажываюць, калі што ідзе не так. Гэта яшчэ раз пацвярджае важнасць аб’ектыўнага і прынцыповага падыходу пры вызначэнні лепшых, асабліва на раённым узроўні.
На мінулым тыдні віншаванні прымалі вадзіцелі МАЗаў Генадзь Шкурко, Уладзімір Шахніцкі, Аляксандр Смальцар і Міхаіл Раманюк, якія перавезлі больш чым па тысячы тон зерня. Ад імя раённага выканаўчага камітэта лісты з падзякай і падарункі ім уручыў загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Дзмітрый Тамко.
Неабходна адзначыць старанне Івана Раманюка, які перавозіць збажыну на аўтамашыне ЗІЛ, уносячы пасільны ўклад у хлебны каравай гаспадаркі.
Ад цямна да цямна на полі разам з уборачнымі экіпажамі і вадзіцелямі малады аграном Міхаіл Смальцар, які прыйшоў у гаспадарку 1 жніўня пасля заканчэння Палескага аграрна-тэхнічнага каледжа. Такая загартоўка на пачатку працоўнага шляху толькі на карысць спецыялісту, які плануе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову.
Своечасова дастаўляе ў поле гарачыя абеды памочнік повара Марыя Сінькевіч.
Спякотнае надвор’е, якое ўсталявалася на мінулым тыдні, толькі на руку аграрыям. Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Сяргей Міхаленка растлумачыў нам, што работа сушыльных комплексаў абыходзіцца нятанна, таму жаць і малаціць хлебаробы пачынаюць, калі збожжавыя высахнуць на корані.
P.S. Калі гэты матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што збожжавыя культуры ААТ “Імя Жукава” ўжо ўбрала. Валавы намалот складае тут складае 6820 тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць – 39 цэнтнераў з гектара.
Ніна СІНІЛАВА