Стартаваў рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка»

Грамадства

logo klacika

Штогод у Дзень беларускага пісьменства праводзілася падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». З улікам святкавання ў краіне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, конкурс мяняе свой фармат – з раённага на рэспубліканскі.

У сучасным камп’ютарызаваным свеце такія мерапрыемствы могуць прыцягнуць увагу дзяцей і моладзі. Гэты праект – значны крок на шляху адраджэння цікавасці да беларускай літаратуры і культуры ў сучаснага пакалення школьнікаў.

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, дадзены старт рэспубліканскаму конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», удзел у якім возьмуць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсёй Беларусі.

Заснавальнікі конкурсу – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».

Дэвіз конкурсу – «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!». Асноўнымі мэтамі і задачамі з’яўляюцца: павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіццё і захаванне высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання, пашырэнне чытацкага кругагляду, пошук і падтрымка таленавітай моладзі.

Конкурс праводзіцца на працягу года:

першы этап – ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 1 па  31 сакавіка 2017 г.;

другі – раённы – з 1 па 30 красавіка 2017 г.;

трэці – абласны (Мінскі гарадскі) з 1 па 31 мая 2017 г.

Па выніках абласнога (Мінскага гарадскога) этапу конкурсу лепшыя юныя чытальнікі краіны стануць удзельнікамі заключнага рэспубліканскага, які сёлета адбудзецца пад час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

 

Л.С. Ананіч,

міністр

ПАЛАЖЭННЕ

аб рэспубліканскім творчым конкурсе юных чытальнікаў «Жывая класіка»

1. Агульныя палажэнні

1.1. Дадзенае Палажэнне вызначае мэты і задачы рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», які праводзіцца     (далей – Конкурс) ад школьнага да рэспубліканскага этапаў.

1.2. Заснавальнікамі Конкурсу сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі  з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

2. Мэты і задачы Конкурсу

2.1. Конкурс праводзіцца ў мэтах:

павышэння цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання,

развіцця і захавання высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства,

выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры,

прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання,

пашырэння чытацкага кругагляду,

пошуку і падтрымкі таленавітай моладзі.

2.2. Дэвіз Конкурсу – «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!».

3. Парадак і ўмовы правядзення Конкурсу

Да ўдзелу ў Конкурсе запрашаюцца вучні пачатковых класаў, 5-6, 7-8 і 9-10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

3.1.Конкурс праводзіцца ў чатыры этапы:

— першы этап (з 1 па 31 сакавіка 2017 г.) праводзіцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Колькасць удзельнікаў не абмяжоўваецца;

— другі этап (з 1 па 30 красавіка 2017 г.) – раённы. Пераможцы раённага этапу конкурсу, заняўшыя першыя месцы ў кожнай ўзроставай групе, прымаюць удзел у абласным этапе конкурсу;

— трэці этап (з 1 па 31 мая 2017 г.) — абласны (Мінскі гарадскі) этап конкурсу праводзіцца абласнымі установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Мінскім гарадскім палацам дзяцей і моладзі. Пераможцы трэццяга этапа ў кожнай узроставай групе прымаюць удзел у  заключным рэспубліканскім этапе;

— чацвёрты этап – заключны, праводзіцца напярэдадні, або ў Дзень беларускага пісьменства ў горадзе-сталіцы свята беларускага пісьменства. Удзел у заключным рэспубліканскім этапе Конкурсу прымаюць пераможцы абласнога (Мінскага гарадскога) этапу Конкурсу.

 4.  Журы Конкурсу

4.1. У склад журы Конкурсу на ўсіх этапах ўваходзяць вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, настаўнікі, бібліятэкары, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.

4.2. Крытэрыі ацэнкі выступлення (паказчыкі – балы):

глыбіня пранікнення ў вобраз

і сэнс твора                                                                      ад 0 да 10

выбар тэкста твора                                                          ад 0 да 10

артыстызм выканання                                                     ад 0 да 10

максімальны бал                                                                  30

5. Узнагароджанне пераможцаў Конкурсу

5.1. Усе ўдзельнікі Конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі лаўрэатаў конкурсу, дыпломамі пераможцаў першай, другой і трэцяй ступеней адпаведна.

5.2. Пераможцы рэспубліканскага Конкурсу ўзнагароджваюцца пуцёўкай у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубронак».

6. Інфармацыйнае забеспячэнне Конкурсу

6.1 Этапы правядзення Конкурсу шырока асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі.

6.2. Інфармацыйнымі партнёрамі Конкурсу з’яўляюцца: «Выдавецкі дом «Звязда», часопісы «Вясёлка», «Бярозка», «Качели», «Зорька», «Рюкзачок» і іншыя СМІ (па ўзгадненню з заснавальнікамі).

6.3. На працягу правядзення этапаў Конкурсу здымаюцца сюжэты і дэманструюцца ў эфіры нацыянальных і рэгіянальных тэлеканалаў.

Тэлеверсія заключнага рэспубліканскага этапу Конкурсу транслюецца асобнай праграмай у эфіры  ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».

7. Фінансаванне Конкурсу

11.1. Фінансаванне Конкурсу забяспечваецца заснавальнікамі Конкурсу  за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.

11.2. Могуць выкарыстоўвацца іншыя крыніцы фінансавання ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.