Паслугі пошты ў вёсцы заўсёды запатрабаваны. Ідуць сюды людзі не толькі аплаціць паслугі, адправіць карэспандэнцыю, папоўніць баланс тэлефона,але і набыць прадметы паўсядзённага попыту, насенне, бакалею. Буркі ў гэтым сэнсе – не выключэнне.
Працуюць тут улюбёныя ў сваю справу жанчыны Наталля Раманюк і Тамара Марчанка. Першая з іх – начальнік аддзялення сувязі, якая ў сваёй рабоце выкарыстоўвае камп’ютарныя тэхналогіі. Не менш адказная місія і ў яе калегі: правесці падпісную кампанію, даставіць адрасатам часопісы і газеты, розныя тавары, пенсіі. Абслугоўвае Тамара Рыгораўна дзве вёскі – Буркі і Кавалі, у якіх пражывае 118 чалавек пажылога ўзросту. Па іх просьбе паштальён адпраўляе пасылкі, уносіць камунальныя і іншыя плацяжы, купляе хлебабулачныя вырабы і інш.
Акрамя ўсяго, наша гераіня заўсёды выконвае даведзены план падпіскі, у тым ліку і на мясцовае выданне. “Маяк Палесся” ў гэтым месяцы атрымліваюць 63 чалавекі. З павагай гаварыла Тамара Рыгораўна пра калектыў настаўнікаў Буркоўскай школы, якія ў гэтым пытанні паказваюць прыклад іншым. Тут у яе ёсць надзейныя памочнікі: намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Тамара Раманюк і бібліятэкар Ала Раманюк. Вясковая інтэлігенцыя ва ўсе часы несла людзям веды, культуру, вызначалася адукаванасцю і прыстойнасцю. Так было, ёсць і будзе. Жыхары Буркоў цэняць мясцовых педагогаў за лепшыя чалавечыя якасці.
З раёнкі неаднаразова можна было даведацца пра лепшых працаўнікоў ААТ “Імя Жукава”, пра дасягненні даярак і механізатараў, калектыву сельгаспрадпрыемства ў цэлым. Тут працуюць бацькі, родныя і блізкія сённяшніх вучняў Буркоўскай школы, а заўтра – маладой змены хлебаробаў. Браць прыклад ёсць з каго. Чым не багаты і павучальны матэрыял для мудрых настаўнікаў у час правядзення класных гадзін!
У час свята вёскі ў Бурках 19 жніўня мінулага года вядучая Любоў Дубатдзел з асаблівай цеплынёй і павагай расказвала пра ветэранаў і знакамітых жыхароў, ця-перашні дзень населенага пункта. Як сама прызналася, пры падрыхтоўцы сцэнарыя большасць матэрыялаў брала з мясцовага выдання. Чым не падстава выпісваць “Маяк Палесся” і далей, каб быць у курсе ўсіх спраў і выкарыстоўваць яго ў выхаваўчых мэтах.
Ніна СІНІЛАВА