15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Грамадства

konstituciya

Дакладна вядома, што за ўвесь перыяд развіцця Беларусі былі прыняты як мінімум пяць Канстытуцый. Але менавіта дакумент 15 сакавіка 1994 года, у адпаведнасці з якім устаноўлена: забеспячэнне правоў і свабод грамадзян з’яўляецца вышэйшай мэтай прававой дзяржавы, увабраў у сябе, з аднаго боку, прынцыпы стабільнасці, а з другога – паступовага руху да вяршэнства сацыяльнай справядлівасці. Гэтая дата стала кропкай адліку новага этапу развіцця беларускай дзяржаўнасці, адкрыла новую старонку ў нашай гісторыі.

У прэамбуле гаворыцца: “Мы, народ Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з адказнасці за сённяшні дзень і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага грамадства і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, асноўваючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвекавую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы і свабобы кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя асновы народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэтую Канстытуцыю – Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь”.

Такім чынам наша краіна ўпэўнена замацавалася на палітычнай арэне як незалежная, суверэнная і самастойная дзяржава, якая аддае перавагу агульнапрызнаным нормам міжнароднага права. Вышэйшай каштоўнасцю прызнаны чалавек. Канстытуцыя выступае гарантам яго свабод і правоў: на жыццё, ахову здароўя, адукацыю, працу, адпачынак і г.д. А поруч з гэтым абавязвае кожнага выконваць законы і паважаць правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых грамадзян, нацыянальныя традыцыі, берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну.

Калі паглядзець скрозь сухія юрыдычныя фармуліроўкі, то стане зразумела: Канстытуцыя – своеасаблівы дагавор паміж грамадзянамі і ўладай, які вытрымаў экзамен часам, даказаў сваю жыццёвую сілу. У атмасферы згоды і стваральнай працы ўмацоўваецца магутнасць Беларусі. Паважаць і выконваць Асноўны Закон – значыць паважаць сваю дзяржаву, паважаць сябе. Яго буква і дух выступаюць адзіным цэлым.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА