Нішто і ніхто ніколі не сатрэ ў народнай памяці жудасныя гады акупацыі, светлую надзею на вызваленне і дзень Перамогі. Подзвіг мужных байцоў, якія з чыстым сумленнем прайшлі па дарогах вайны, змагаліся ў партызанскіх атрадах, тых людзей, што не скарыліся ў гады акупацыі, у сэрцах нашых нашчадкаў будзе жыць вечна. Ды чым далей ад тых гадоў, тым больш згладжваецца вастрыня і горыч страт, а забываць нельга: будзем помніць — будзем жыць.
Нялёгкім быў шлях да перамогі, ён прайшоў праз мільёны чалавечых лёсаў. Цяжкім было і адраджэнне Беларусі. Неацэнны подзвіг ўсіх ветэранаў, людзей старэйшага пакалення, якія перамаглі фашызм, а затым уступілі ў барацьбу за адраджэнне рэспублікі і змаглі ў кароткі тэрмін аднавіць народную гаспадарку.
А гісторыя вызвалення — мужная і гераічная. З 22 па 30 верасня 1943 арміі Цэнтральнага, Варонежскага, Сцяпнога і Паўднёва-Заходняга франтоў фарсіравалі Днепр ад Лоева да Запарожжа, захапіўшы 23 плацдармы. Планы нямецка-фашысцкага камандавання па стабілізацыі фронту былі сарваны. У кастрычніку савецкія войскі вялі жорсткія баі з мэтай ліквідацыі прадмостных умацаванняў ворага, якія засталіся на левабярэжжы Дняпра, пашырэння захопленых тэрыторый на яго правым беразе і стварэння ўмоў для вызвалення Украіны і Крыма.
Гэтая бітва паклала пачатак вызваленню Беларусі. Першымі ўступілі на яе тэоыторыю войскі 13-й арміі генерала М. Пухава Цэнтральнага фронту (камандуючы генерал арміі К. Ракасоўскі). У першым эшалоне наступаў 15-ы стралковы корпус (у складзе дзвюх дывізій: 8-ай стралковай (палкоўнік П. Гудзь), 74-ай стралковай (генерал-маёр А. Казаран).
Менавіта воіны гэтых перадавых атрадаў вызвалілі першы райцэнтр Беларусі. У пасёлак Камарын уступіў 360-ы стралковы полк 74-й стралковай дывізіі падпалкоўніка М. Сташака. Толькі за першы дзень баёў трынаццаць яго воінаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Усе камандзіры палкоў узнагароджаны ордэнам Суворава III-й ступені, а камандзіры дывізій — II-й ступені.
З верасня па кастрычнік 1943 года баявыя дзеянні на тэрыторыі раёна вялі войскі трынаццатай арміі. З 5 кастрычніка года яны па Дырэктыве стаўкі ВГК падпарадкоўваліся камандуючаму Першага Украінскага фронту. Вызваленне працягвала першая армія з перададзеным ёй сёмым гвардзейскім кавалерыйскім корпусам. Брагін вызвалілі часткі 55-й стралковай дывізіі (камандзір гвардыі маёр М. Заіюльеў) і танкісты 68-й стралковай танкавай брыгады (камандзір падпалкоўнік Г. Цімчанка). Адначасова ў штабе 61-й арміі паставілі задачу партызанскаму атраду імя Катоўскага (камандзір Г. Сінякоў) нанесці ўдар па Брагіну і з захаду захапіць шашу Брагін-Хойнікі.
У баях за райцэнтр вызначыліся воіны 55-й стралковай (пазней стала Мазырская) дывізіі і коннікі 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. Сярод герояў — начальнік інжынернай службы 111-га стралковага палка 55-й стралковай дывізіі капітан В. Бачкароў. Ён асабіста абясшкодзіў сотні мін, а аддзяленне сапёраў сяржанта М. Андрэева — 114 фугасаў вялікай магутнасці; камандзіры батальёнаў 55-й стралковай дывізіі: капітаны М. Трохін, Я. Арлоў, А. Дзюкаў.
Першым у Брагін увайшла рота старшага лейтэнанта В. Міхалёва. Ён і стаў ваенным камендантам. У якасці трафеяў было захоплена савецкімі салдатамі тры склады з прадуктамі харчавання, трыццаць матацыклаў, сем аўтамашын з боепрыпасамі і зброяй, склад мін. У баях за райцэнтр знішчана 387 гітлераўскіх салдат і афіцэраў.
Асаблівасцю пры вызваленні раёна было тое, што ў ходзе зацяжных баёў у часцях і падраздзяленнях былі выведзены са строю да 80 працэнтаў афіцэраў і 50 — асабовага складу. Камандзіраў замянялі ўчарашнія сяржанты. Таму і невыпадкова, што са 132 чалавек, якія атрымалі званне за вызваленне раёна, больш як 10 чалавек былі ў званні лейтэнантаў і малодшых лейтэнантаў.
Асаблівую ролю ў баях на беларускім Палессі адыграла кавалерыя. Так, толькі ў адной 16-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (камандзір — генерал-маёр Г. Бялоў) звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 56 чалавек. Сярод іх воіны больш як дзесяці нацыянальнасцей: казахі, узбекі, туркмены, армяне, башкіры, асеціны, татары.
Больш паловы вёсак у раёне былі спалены ворагам. Хаты, якія засталіся цэлымі фашысты ператварылі ў кулямётна-агнявыя ўмацаванні, якія па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Адсюль і вялікія страты нашых войск.
17 кастрычніка 1943 газета «Правда» пісала: «Шмат вялікіх спраў, якія здзяйсняюцца ў славу Радзімы, бачыў на сваіх берагах сівы Днепр. Але цямнеюць усе былыя подзвігі перад воінамі Чырвонай Арміі, яшчэ не было на берагах Дняпра таго, што ствараецца там цяпер бясстрашнымі савецкімі воінамі. Слава героям Дняпра!»
У выніку рашучых дзеянняў савецкіх войск Усходні вал праціўніка ў канцы верасня 1943 года «затрашчаў па швах». Нашы войскі на сямістакіламетровым участку ад Лоева да Запарожжа захапілі 23 плацдармы на правым беразе Дняпра. Аддаючы належную ўвагу ваеннаму майстэрству Чырвонай Арміі, англійскі гісторык Б. Ліддзел Гарт пісаў: «Лёгкасць, з якой рускія фарсіравалі Днепр, тлумачыцца майстэрствам і рашучасцю іх военачальнікаў». Наступленне савецкіх войск на заходнім стратэгічным напрамку ў жніўні-снежні 1943 года з’явілася адной з найважнейшых падзей 1943 года і мела буйное значэнне. За гэты час савецкія войскі разграмілі звыш 40 дывізій груп армій «Цэнтр», у тым ліку сем танкавых і матарызаваных. Наступленне савецкіх войск на гэтым напрамку стала складаючай часткай бітвы за Днепр. Фарсіраваўшы Сож і Днепр у беларускім Палессі, яны авалодалі ўчасткам усходняга вала працягласцю звыш 500 кіламетраў.
Час няўмоўльны. На жаль, радзее строй ветэранаў Вялікай Айчыннай, сведкаў Перамогі і тых, хто ўзнаўляў разбураную вайной краіну. Але жыве памяць — трывожная, чуйная, святая. I застаецца гісторыя. Нашчадкам яна патрэбна, бо, па словах мудрых, «той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны на тое, каб перажыць яго зноў».
Галіна ШАЎЧЭНКА