Выбары-2016: кандыдаты могуць праводзіць агітацыю ў сацсетках

Грамадства

00000002999

Кандыдату ў дэпутаты не забаронена карыстацца сацыяльнымі сеткамі ў агітацыйных мэтах пры ўмове, што ў такую дзейнасць не будуць укладвацца матэрыяльныя сродкі. Аб гэтым расказаў старшыня Наглядальнага савета па кантролі за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі.

У такіх выпадках агітацыя праз сацыяльныя сеткі падобна, напрыклад, да правядзення агітацыйных пікетаў на вуліцы, адзначыў Ігар Луцкі.

«Калі ў агітацыю ў сацыяльнай сетцы ўкладваюцца сродкі, то гэта павінна быць зроблена афіцыйна. Таму што на правядзенне агітацыі згодна з законам ствараецца фонд у памеры 1 тыс. базавых велічынь (Br21 тыс.)», — растлумачыў старшыня Наглядальнага савета.

Ён дадаў, што друкаваныя СМІ, радыё і тэлебачанне сёння пакуль яшчэ найбольш актыўна выкарыстоўваюцца ў агітацыі, аднак інтэрнэт ужо таксама нельга скідваць з рахункаў.

Ігар Луцкі нагадаў будучым кандыдатам у дэпутаты, што агітацыйныя перадвыбарныя матэрыялы, дзе б яны ні размяшчаліся, не павінны змяшчаць прапаганды вайны, заклікаў да насільнага змянення канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, зняваг і паклёпу адносна службовых асоб, іншых кандыдатаў.

Акрамя таго, забаронена агітацыя або прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў, якія выклікаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную і рэлігійную варожасць.

БелТА