Астрагляды: вішнёвая квецень юнацтва

Грамадства

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Раніцай 26 красавіка я запалю свечку… Кожны год у гэты дзень яна гарыць у маёй хаце, бо кажуць людзі: «Пакуль гарыць у хаце свечка, памяць аб тых, хто пайшоў ад нас, жыве». А я запальваю свечку аб маёй малой радзіме – вёсцы Астрагляды.

Там я нарадзілася, там прайшло маё сапраўды басаногае дзяцінства, там я закончыла школу. Адтуль пачалася мая дарога ў вялікае жыццё.

Але ўсё абарвалася ў адзін момант. Аварыя на ЧАЭС. Адсяленне.

Мая родная вёска Астрагляды, якая кожную вясну купала ў бела-ружовай квецені садоў. У мясцовым саўгасе быў свой вінзавод. На жаль, садоў ужо няма. Няма тых бяскрайніх палёў, дзе расла гародніна, і дзе мы шчыравалі з маленства, дапамагаючы бацькам апрацоўваць зямлю і збіраць ураджай.

Праз некалькі дзён – Радуніца і я, як кожны год, буду ісці па дарозе ў родную вёсачку, дзе некалі квітнеў сад. З вачэй будуць бегчы слёзы, а я… Я буду спяваць:

“Ой, ляцелі гусі з броду,
Замуцілі ў рэчцы воду…”

Як тады, у маім юнацтве, і жадаць, каб яе падхапілі сяброўкі. Але – цішыня. Не прачынаецца вёска, няма жыцця.

А вось і першая хацінка. Правільней кажучы, толькі тое, што ад яе засталося. Прыпыняюся.

– Прывітанне, цётка Паша, добры дзень, дзядзька Іван, Танюша, прывет. А дзе ж гэта ваш Кастусь?

Некалі ў гэтай хаце жыла сям’я майго аднакласніка Косці Кулакоўскага, галоўнага рэдактара вулічнай газеты “Бусляня” (вуліца, на якой ён жыў, называлася па-вясковаму Буслячая). А дэвізам яе было выказванне: “Не лезь в герои, пока не позовут”.

Каля трох дзясяткаў хлапчукоў жыло на гэтай вуліцы і толькі пяць дзяўчынак. Навіны ж былі пра ўсе нашы выхадкі. І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што калі бацькі прачыталі гэтую газету, дасталася ўсім: і рэдактару, і карэктару, і іншым. Але гэты дэвіз застаўся для многіх з нас жыццёвай пазіцыяй праз гады.

І так я спыняюся каля кожнай хаты, бо яны ў маім сэрцы назаўсёды застануцца тымі, ранейшымі. І з усімі я вітаюся.

А вось і падвор’е ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Максіма Віктаравіча Кананка.

– Прывітанне, дзядуля! А дзе цётка Марыя? А Наташа тэлефанавала?

Максім Віктаравіч прайшоў усю вайну, меў шмат баявых узнагарод. Працаваў у мясцовым саўгасе. Бывала, што з яго жартаў смяялася ўсё наваколле. Аднойчы, напрыклад, заказаў труну, аплаціў паслугі фотамайстра. Апрануў касцюм з усімі сваімі ўзнагародамі і лёг у дамавіну, каб яго сфатаграфавалі. Вельмі ж хацелася старому ведаць, як ён будзе выглядаць на пахаванні. А труну потым схаваў на гарышчы.

Мае дарагія землякі… Здаецца, я магу расказваць аб вас гадзінамі. Вы вытрымалі цяжкае і балючае развітанне з малой радзімай.

Вось я і дайшла да клуба, ён знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Падымаюся па прыступках. На жаль, тут болей не пець, не танцаваць… Шкада. Але…

– Дзінка, дзе ты? Я чакаю цябе каля клуба, хуценька прыходзь. Мне так цябе не хапае.

Званок у Мінск, Віцебск, Санкт-Пецярбург.

Побач з клубам – хата маёй сяброўкі Таццяны Крывянчук. Менавіта тут кожны вечар збіраліся нашы бабулькі: Каця, Ганна, Таццяна, Алеся, Антоля, Надзя і спявалі. А мая бабуля Ліда была запявалай. І звініць, льецца праз гады іх песня: “За туманам нічога не відна…”

Памятаю, аднойчы ў Астраглядах вяліся геолагаразведвальныя работы (шукалі нафту), і ў гэтай брыгадзе былі два афрыканцы. Неяк вечарам яны прыйшлі ў клуб, а тут бабулькі спяваюць. Цёмнаскурыя госці, зацікавіўшыся, падышлі да старых. Тых як ветрам здула. Гэта ўжо потым яны пасябравалі.

А вось і мая родная хацінка, родны парог. Нельга яго пераступіць, упаў дах. Дзе некалі былі пакоі, расце бяроза. Тут мая матуля дала жыццё чатыром дзецям, выправіла іх у дарослае жыццё…

А дзе ж вішні, што кожную вясну стаялі быццам аблітыя малаком? Няма. Няма таго саду, што садзіў мой татка. Родны мой, усё сваё жыццё аддаў працы ў саўгасе. Працаваў ветырынарным урачом, апошнім пакідаў вёску, бо на фермах саўгаса яшчэ заставалася жывёла. І такім маладым адышоў на той свет.

А для мяне расце, квітнее сад. Так, як тады, у жудасным красавіку, жыве белым вэлюмам у маёй памяці. Вось і калодзеж, але вады няма. Няма вады – няма жыцця.

Але ж не. Жыве родная вёска ў памяці тых, хто тут нарадзіўся, у памяці іх дзяцей і ўнукаў.

…І гарыць 26 красавіка ў маёй хаце свечка.

Валянціна ПАЛХОЎСКАЯ (Міхаленка),
ураджэнка вёскі Астрагляды