Тэма тыдня: роля жанчыны ў сучасным грамадстве

Грамадства Тема недели

belta

Беларускія жанчыны з’яўляюцца прыкладам міласэрнасці і мудрасці, працавітасці і вернасці краіне

4 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні 8 Сакавіка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўніцам прыгожай палавіны чалавецтва.

«Гэта свята асацыіруецца з абуджэннем прыроды пасля зімовага сну, прыгажосцю і вечным адраджэннем жыцця. І глыбока сімвалічна, што гэты цудоўны дзень прысвечаны менавіта вам — прыгожай палавіне чалавецтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб і мужчыны, і ўсё грамадства ўдзялялі такую ўвагу жанчынам не толькі ў дні гэтага міжнароднага свята, а заўсёды.

Прэзідэнт падкрэсліў тую велізарную ролю, якую адыгрываюць жанчыны ў грамадстве. Складаючы большасць насельніцтва Беларусі, жанчыны ўносяць неацэнны ўклад ва ўмацаванне маладой суверэннай дзяржавы, развіццё ўсіх яе сфер і забеспячэнне шчаслівай будучыні, лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Нямала дачок беларускай зямлі ўпісалі яркія старонкі ў гісторыю нашай Радзімы. Яны сталі прыкладам міласэрнасці і мудрасці, працавітасці і вернасці сваёй краіне», — сказаў Прэзідэнт.

«Радасна бачыць, што нашы сучасніцы не застаюцца ўбаку ад самых актуальных праблем сённяшняга жыцця, асвойваюць перспектыўныя прафесіі, найноўшыя тэхналогіі. І ў той жа час захоўваюць лепшыя душэўныя якасці, праяўляючы талент мацярынства і клопату аб падрастаючым пакаленні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Няхай гэта цырымонія ўзнагароджання стане яшчэ адной падставай сказаць словы шчырай удзячнасці і любові ўсім нашым жанчынам, якія не толькі прысутнічаюць у гэтай зале. Дзе б вы ні працавалі, за вашы поспехі і дасягненні — вам пашана і павага», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці працаўніцам сельскай гаспадаркі, айчыннай сістэмы аховы здароўя, педагогам. Дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны дырэктару ТАА «Старобінскі» Салігорскага раёна, начальніку шпіталя МУС, дырэктару брэсцкай сярэдняй школы нумар 20.

У ліку ўзнагароджаных — работніцы прадпрыемстваў «Белпошта» і «Белтэлекам», супрацоўніцы пагранічнай і мытнай службаў, артысты Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, а таксама спартсменкі, якія паказалі выдатныя вынікі ў такіх відах спорту, як вольная барацьба і цяжкая атлетыка.

«Але самая складаная, адказная і важная прафесія на зямлі — гадаваць і выхоўваць дзяцей. Вось тут без вас нікуды», — адзначыў Прэзідэнт, уручаючы ордэны Маці жанчынам, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ім за тое, што з мноства жыццёвых шляхоў яны выбралі найбольш высакародны і важны для краіны — мацярынства. «Гэта велізарны дар і самы вялікі цуд на зямлі. Паколькі, як гаварыў народны пісьменнік Янка Брыль, дзеці — сведчанне вечнасці», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў словы шчырай удзячнасці жанчынам за самаадданае служэнне свайму прызванню. «Няхай ганаровыя званні, ордэны і медалі стануць бачным увасабленнем той павагі, якую вы заваявалі ў сваіх калектывах, і памятным падарункам да Дня жанчын», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён пажадаў усім здароўя, шчасця, невычэрпнай энергіі, шчырай любові родных і блізкіх, здароўя дзецям.

 

У Беларусі на 1000 жанчын прыпадае 871 мужчына

У Беларусі, паводле папярэдніх даных, на пачатак 2016 года колькасць жанчын склала 5,1 млн, або 53,5 працэнта агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражываюць большасць жанчын (78,2 працэнта) — 3 млн 969,3 тыс. чалавек, у сельскіх населеных пунктах — кожная пятая жыхарка рэспублікі — 1 млн 108,3 тыс. чалавек.

Паводле ацэнкі Нацыянальнага статкамітэта, у сярэднім па рэспубліцы на 1000 жанчын прыпадае 871 мужчына.

Сярэдні ўзрост жанчын — 42,4 года, прычым сярэдні ўзрост гараджанак — 40,9 года, сяльчанак — 47,7 года. Павялічваецца чаканая працягласць жыцця жанчын: у 2010 годзе гэты паказчык быў 76,5 года, у 2014-м — 78,4 года.

Статыстычны агляд падрыхтаваны Белстатам да Міжнароднага жаночага дня, які адзначаецца штогод 8 сакавіка. Гэты дзень — адно з самых папулярных і шырока адзначаемых свят.

Белстат назваў «жаночыя» віды эканамічнай дзейнасці

Пераважна «жаночымі» ў Беларусі з’яўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасці, як ахова здароўя і прадастаўленне сацыяльных паслуг, адукацыя, фінансавая дзейнасць, гасцініцы і рэстараны, гандаль; рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання.

Сёння кожны другі з ліку занятых у эканоміцы рэспублікі — жанчына. Сярод жанчын, якія працуюць у арганізацыях, сваю працоўную дзейнасць звязалі з прамысловасцю 22,6 працэнта, адукацыяй — 18,5 працэнта, гандлем — 14,5 працэнта, аховай здароўя і прадастаўленнем сацыяльных паслуг — 13,3 працэнта, сельскай і лясной гаспадаркай — 7,6 працэнта.

Паводле даных Белстата, сярод жанчын, якія працуюць у арганізацыях краіны, кожная трэцяя мела вышэйшую адукацыю, кожная чацвёртая — сярэднюю спецыяльную, 17 працэнтаў — прафесійна-тэхнічную.

У ліку даследчыкаў, занятых навуковымі распрацоўкамі, жанчыны складалі больш за 40 працэнтаў. Так, у 2014 годзе ў ліку даследчыкаў вучоную ступень доктара навук меў 671 супрацоўнік, з іх 119 жанчын; кандыдата навук — 2 тыс. 867 супрацоўнікаў, з іх 1 тыс. 128 жанчын.

Індэкс чалавечага развіцця беларускіх жанчын вышэйшы, чым мужчын

Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі сустаршыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Антаніна Морава.

Беларусь знаходзіцца ў самым пачатку спіса краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця — займае 50-е месца, падкрэсліла Антаніна Морава. «Дзякуючы больш высокаму ўзроўню адукацыі жанчын і большай працягласці жыцця Беларусь увайшла ў лік 16 краін, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын вышэйшы, чым мужчын, — сказала сустаршыня ГА «БСЖ». — Па індэксе гендарнай роўнасці Беларусь заняла 31-е месца ў свеце сярод 188 дзяржаў. А па індэксе гендарнага развіцця мы ўвайшлі ў першую групу краін — гэта самая высокая пазіцыя ў такім рэйтынгу на постсавецкай прасторы».

У рэспубліцы колькасць жанчын, якія навучаюцца, перасягае колькасць мужчын, якія навучаюцца (50,2 працэнта супраць 49,8 працэнта на пачатак бягучага навучальнага года). Кожная пятая жанчына ў краіне мае вышэйшую адукацыю. «І мы гэтым ганарымся», — падкрэсліла Антаніна Морава, дадаўшы, што беларускія жанчыны больш адукаваныя, чым мужчыны (сярод працуючых жанчын 60 працэнтаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, сярод мужчын — толькі 42 працэнты з дыпломам).

У беларускіх жанчын больш высокая чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, чым у мужчын. Розніца ў гэтых паказчыках складае 10,6 года, канстатавала Антаніна Морава.

Паводле яе слоў, усё часцей жанчын пачалі запрашаць на кіруючыя пасады. Дарэчы, сярод жанчын-кіраўнікоў 40 працэнтаў маюць дзяцей. У Беларусі адзначаецца пашырэнне ўплыву жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Сярод дзяржслужачых яны складаюць 70 працэнтаў. У вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады доля жанчын таксама вышэйшая, чым мужчын, — 56 працэнтаў. У Беларусі практычна забяспечана 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця заканадаўчых рашэнняў — у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь жанчыны складаюць 29,7 працэнта.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук лічыць, што «жанчына ў Беларусі можа рэалізаваць свае магчымасці, хоць ёй няпроста сумяшчаць прафесійныя і сямейныя абавязкі».

ІНТЭРВ’Ю: У Беларусі сфарміравалася новае пакаленне жанчын — Шчоткіна

Людзі розных прафесій, узростаў і сацыяльнага статусу апошнім часам вельмі часта гавораць аб імклівым развіцці новых тэхналогій і, на мой погляд, недаравальна рэдка — аб тым, як франтальна змяніліся… жанчыны. Угледзьцеся ў жаночыя твары — яны сталі прыгажэйшымі і маладзейшымі, чым у іх равесніц пару дзесяцігоддзяў таму; ацаніце іх дзелавыя якасці — прафесійны ўзровень узняўся; паглядзіце на «спідометр» іх жыцця — напружанасць дасягнула гранічных значэнняў і дома, і на рабоце. Фактычна ўтварылася ўжо новая фармацыя жанчын — больш прагрэсіўных, самастойных і самадастатковых, арыентаваных на жыццёвы поспех. І гэтага нельга не ўлічваць пры фарміраванні дзяржаўнай сацыяльнай і сямейнай палітыкі, грамадскай дзейнасці. Аб асаблівасцях новага беларускага жаночага свету — у размове карэспандэнта БЕЛТА з міністрам працы і сацыяльнай абароны, старшынёй Беларускага саюза жанчын (БСЖ) Мар’янай Шчоткінай.

mariana

— Сучасныя тэндэнцыі такія, што жанчыны жывуць даўжэй за мужчын, у іх вышэй узровень адукацыі, узровень іх занятасці і ўдзелу ў эканоміцы павялічваецца, яны сталі пазней выходзіць замуж і пазней станавіцца маці, яны гендарна падкаваныя і актыўныя ў грамадскім жыцці. Мар’яна Акіндзінаўна, хацелася б ведаць ваша меркаванне: а ці так ужо гэта добра?

— Вы хочаце пачуць ад мяне адназначны адказ? Яго няма, як няма і не можа быць адзінага рэцэпта на ўсе выпадкі жыцця. Згадзіцеся, ёсць розныя сітуацыі, ёсць індывідуальныя асаблівасці людзей, ёсць розныя жыццёвыя мэты і абставіны. У кожнага свая формула поспеху.

Несумненна, жанчыны змяніліся, іх патрабаванні да грамадства і свайго сацыяльнага статусу ў ім значна выраслі.

Калі гаварыць у цэлым, то за апошняе дзесяцігоддзе ў краіне сфарміравалася новае пакаленне жанчын — іх характарызуе фінансавая і псіхалагічная самастойнасць, арыентацыя не толькі на моцную сям’ю, але і на паспяховую кар’еру, духоўнае і творчае развіццё.

Сёння жанчыны складаюць 54,7 працэнта занятых у эканоміцы, яны рэалізуюць сябе практычна ва ўсіх сферах дзейнасці: займаюцца прадпрымальніцтвам, ствараюць рабочыя месцы, асвойваюць такія спецыяльнасці, як лагістыка, менеджмент, адміністраванне, IT-тэхналогіі. Прычым сярод занятых у эканоміцы доля працуючых жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 33,9 працэнта (аналагічны паказчык сярод мужчын — 24,4 працэнта). Гэта стала магчыма дзякуючы збалансаванай палітыцы дзяржавы ў сферы забеспячэння роўных правоў і магчымасцей.

У Беларусі дзейнічае Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў. Завершана рэалізацыя чацвёртага Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2011-2015 гады. Удасканальваецца гендарная статыстыка — гэта дае магчымасць праводзіць дакладны параўнальны аналіз становішча мужчын і жанчын у грамадстве.

— Адзін з трэндаў апошняга часу — пашырэнне ўплыву жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў.

— Такія тэндэнцыі назіраюцца і ў нас у краіне. Напрыклад, сярод дзяржслужачых пераважаюць жанчыны — яны складаюць 68,5 працэнта. У вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады доля жанчын таксама вышэйшая, чым мужчын — 55,4 працэнта. Сярод прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ — 55,7 працэнта жанчын.

Узровень удзелу жанчын у складзе мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў традыцыйна перавышае ўзровень удзелу мужчын — 62,7 працэнта ад агульнай колькасці работнікаў мясцовых органаў улады (не ўлічваючы сельскіх выканкамаў).

— І гэта, трэба падкрэсліць, пры адсутнасці кватавання, якое ўведзена ў многіх краінах і рэгламентуе «жаночую вагу» ва ўладзе.

— У Беларусі — без кватавання, як вы правільна заўважылі, — практычна дасягнута дэкларуемае міжнароднымі дакументамі 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Так, у Нацыянальным сходзе жанчыны складаюць 29,7 працэнта. Для параўнання: у свеце прадстаўніцтва жанчын у двухпалатны парламент складае ў сярэднім 22,2 працэнта, а ў Еўрапейскім рэгіёне ў дзяржавах — удзельніцах АБСЕ, уключаючы скандынаўскія краіны, — 25,4 працэнта.

У Беларусі жанчыны займаюць і ключавыя пасады на ўзроўні прыняцця рашэнняў: працуюць на пасадах віцэ-прэм’ера, міністраў і намеснікаў міністраў, старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта і яго намеснікаў, старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. І іх колькасць, упэўнена, павінна павялічвацца.

— Прынята лічыць (які аднак жывучы гэты гендарны стэрэатып!), што кар’ерны рост і мацярынства — рэчы несумяшчальныя…

— На мой погляд, асобасная рэалізацыя жанчын не супярэчыць іх важнейшай сацыяльнай ролі — мацярынству. А задача дзяржавы ў тым, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для яе выканання.

Многае для гэтага зроблена, асабліва ў апошнія гады. Значныя меры прыняты ў час рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Гэта ўдасканаленне сістэмы дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей (памеры павялічаны больш як у два разы), прадастаўленне фінансавай падтрымкі пры будаўніцтве жылля, развіццё прававых механізмаў для спалучэння бацькамі сямейных і прафесійных абавязкаў.

Цяпер сістэма дзіцячых дзярждапамог уключае 11 відаў. Сем’і атрымліваюць выплаты на 541,5 тыс. дзяцей (30,3 працэнта ад агульнай колькасці дзяцей), а атрымальнікамі дапамогі на дзяцей да 3 гадоў з’яўляюцца практычна ўсе сем’і з малышамі гэтага ўзросту. У мінулым годзе бясплатным харчаваннем было забяспечана 27,6 тыс. дзяцей на Br141,9 млрд.

Сістэма падтрымкі шматдзетных сем’яў у мінулым годзе была дапоўнена значным новым элементам — сямейным капіталам. На 1 сакавіка бягучага года ў ААТ «ААБ Беларусбанк» адкрыта 14,6 тыс. дэпазітных рахункаў на $146 млн.

Інвесціраваны значныя сродкі ў развіццё жыллёва-крэдытнай палітыкі: павялічаны аб’ёмы фінансавай дапамогі шматдзетным і маладым сем’ям у пагашэнні запазычанасці па льготных і няльготных крэдытах на будаўніцтва жылля, да 5 працэнтаў зніжана стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі для маладых сем’яў з двума дзецьмі.

Актыўна развіваецца сістэма сацыяльных паслуг сем’ям з дзецьмі. Асабліва запатрабаваны паслугі няні. Набіраюць папулярнасць паслугі па карэкцыі ўнутрысямейных адносін.

— Як сведчыць статыстыка, беларусы «адгукаюцца» на меры дзяржпадтрымкі сем’яў стабільным ростам нараджальнасці.

— Сумарны каэфіцыент нараджальнасці ўзрос з 1,49 у 2010 годзе да 1,69 у 2014 годзе (паказчык за 2015 год будзе разлічаны Белстатам у другім квартале бягучага года). Больш за 56 працэнтаў нованароджаных у 2015 годзе — другія, трэція і г.д. у сваіх сем’ях (у 2010 годзе — 47,7 працэнта). На 1 студзеня бягучага года ў краіне налічвалася ўжо 80,1 тыс. шматдзетных сем’яў (паводле даных перапісу 2009 года, іх было 62,5 тыс.).

Усяго за пяцігадовы перыяд дзеяння Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі ў краіне нарадзіліся больш за 581 тыс. дзяцей — больш за паўмільёна! А 2015 год наогул стаў рэкордным — з’явіліся на свет 119,5 тыс. дзяцей. Гэта найлепшы паказчык за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі.

У штогадовым рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства, Беларусь знаходзіцца на 25-м месцы сярод 179 краін свету — самая высокая пазіцыя сярод краін СНД.

— Гэта натхняльныя лічбы, без сумнення. Але, адзначаючы поспехі, нельга пакінуць без увагі і праблемы. Фактычная роўнасць мужчын і жанчын у поўнай меры ўсё ж не забяспечана. Я маю на ўвазе, у прыватнасці, слабое прадстаўніцтва жанчын на кіруючых пасадах у эканоміцы, гендарную розніцу ў аплаце працы, «жаночы твар» сацыяльнай сферы, груз дамашніх абавязкаў…

— Менавіта таму, што дасягненне гендарнай роўнасці — складаны і шматгранны працэс, гэтым пытанням удзяляецца такая вялікая ўвага ва ўсім свеце. А праблемы ніхто і не імкнецца замоўчваць. Бо калі іх не абазначаць, тым больш калі іх ігнараваць, то нельга разлічваць на прагрэс.

Толькі 9,2 працэнта сярод занятых у эканоміцы жанчын працуюць на кіруючых пасадах. Жанчыны нязначна прадстаўлены на ўзроўні першых асоб органаў выканаўчай улады. І тут перспектыўныя напрамкі, на маю думку, — збалансаванае фарміраванне кадравага рэзерву дзяржорганаў, развіццё школ жаночага лідарства, жаночага руху ў цэлым.

У сферы занятасці не страчваюць актуальнасці пытанні прафесійнай сегрэгацыі, высокага ўзроўню канцэнтрацыі жанчын у сацыяльных галінах. Гэта, дарэчы, адна з прычын гендарнага разрыву ў заработнай плаце (крыху больш за 23 працэнты). Мужчыны ў асноўным працуюць у прамысловасці, будаўніцтве, цяжкім машынабудаванні — сферах, якія больш высока аплачваюцца. Аднак у апошнія гады намецілася тэндэнцыя да скарачэння разрыву ў зарплаце. Так, напрыклад, калі ў 2013 годзе суадносіны намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы жанчын і мужчын былі 74,5 працэнта, то ў 2014 годзе — 76,6 працэнта.

Яшчэ адна вострая праблема — двайная занятасць жанчын. Пры высокім узроўні ўдзелу жанчын у эканоміцы яны па-ранейшаму нясуць асноўную нагрузку па вядзенні дамашняй гаспадаркі, выхаванні і доглядзе дзяцей.

Прычына ў нераўнамерным размеркаванні ўнутрысямейных роляў, няроўным удзеле бацькоў у выхаванні дзяцей. Як вядома, заканадаўства прадастаўляе аднолькавыя магчымасці для маці і бацькі знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Аднак, на жаль, такім правам карыстаюцца не больш як 1 працэнт мужчын (у 2014 годзе — 2 тыс. 745 бацькаў і дзядуляў).

Як паказала абследаванне дамашніх гаспадарак па выкарыстанні часу (праведзена Белстатам у 2015 годзе), дамашняй гаспадарцы і догляду дзяцей жанчыны аддаюць у два разы больш часу, чым мужчыны. Напрыклад, у сем’ях з дзецьмі ва ўзросце да 10 гадоў жанчыны трацяць на гэта ў сярэднім 5 гадзін 43 мінуты ў тыдзень, а мужчыны — усяго 2 гадзіны 14 мінут. Даглядаюць дзяцей 78 працэнтаў жанчын і толькі 59 працэнтаў мужчын. Навучанне дзяцей і іх выхаванне — клопат 61 працэнта жанчын і 45 працэнтаў мужчын.

Інакш кажучы, неабходна далейшая эвалюцыя норм і каштоўнасцей, звязаных з павышэннем удзелу бацькаў у працэсе выхавання дзяцей. Гэтыя задачы будуць вырашацца ў тым ліку падпраграмай «Сям’я і дзяцінства» новай Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады».

— Мар’яна Акіндзінаўна, а які ўплыў на павышэнне сацыяльнага статусу жанчын аказвае жаночы рух?

— Асноўныя задачы ГА «Беларускі саюз жанчын»: садзейнічаць абароне правоў і законных інтарэсаў жанчын, сям’і і дзяцей, павышаць ролю жанчын ва ўсіх сферах дзейнасці грамадства. У цэлым жанчыны складаюць больш за палавіну агульнай колькасці членаў грамадскіх аб’яднанняў, усяго ж у краіне дзейнічае 31 жаночае грамадскае аб’яднанне.

ГА «БСЖ» 14 студзеня спаўняецца 25 гадоў. За чвэрць стагоддзя сваёй дзейнасці Беларускі саюз жанчын праявіў сябе як з’яднаная грамадская арганізацыя, якая набыла вялікі вопыт работы па аказанні дапамогі жанчынам, сем’ям, дзецям. У БСЖ склаліся свае традыцыі, з’явіліся новыя формы работы, стартавалі новыя акцыі. Наш юбілейны год будзе адзначаны не толькі святочнымі мерапрыемствамі — плануецца шмат сустрэч, на якіх мы будзем абмяркоўваць пытанні, што хвалююць жанчын нашай краіны. У планах — пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва.

У сакавіку назавём імёны «Жанчын года» па выніках традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу, у кастрычніку пройдзе Тыдзень маці, што  таксама стала добрай традыцыяй. Да 30-годдзя чарнобыльскай трагедыі прымеркавана дабрачынная акцыя «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі».

БелТА