Тамара Глуўко з Камарына: святло народнага мастацтва не павінна згаснуць

Грамадства

0000001

Прырода шчодра надзяліла Камарын маляўнічымі прасторамі: велічныя і стройныя лясы, няспешны і прывольны, з задумлівымі берагамі Днепр. Углядацца ў яго воды Тамара Глуўко можа гадзінамі – любіць гэтыя краявіды і ні за што іх не прамяняе на іншыя. Відаць, менавіта яны даюць пачуццё спакою, адчуванне еднасці са сваёй зямлёй. А яшчэ – натхняюць на творчасць, акрыляюць, даюць неабмежаваны прастор фантазіі. І тады маўклівая тканіна ў жаночых руках ажывае, становіцца шэдэўрам народнага мастацтва.

Можна толькі ўявіць, колькі часу і руплівай працы затраціла, каб вышыць гладдзю і далікатным крыжыкам сурвэткі, ручнікі, абрусы, дываны… А пейзажы і іконы! Здалёк і не падумаеш, што так можна напісаць карціны з дапамогай звычайных нітак. Усё гарманічна, вытанчана і прыгожа. Кожная работа створана з цеплынёй, любоўю і ад душы.

Першапачатковыя навыкі вышывання, як распавядае Тамара Міхайлаўна, набыла яшчэ ў дзяцінстве. Ад маці. Потым рукатворнае майстэрства дапамагалі адшліфоўваць выкладчыкі Лоеўскага педагагічнага вучылішча, якія прывілі яшчэ большую любоў да народнага мастацтва. У свой час гэта вельмі дапамагло ў рабоце з дзецьмі з творчымі задаткамі: змагла захапіць, узмацніць цікавасць да культурнай спадчыны, выклікаць жаданне ствараць арыгінальныя рэчы ўласнымі рукамі. Праца настаўніцы пачатковых класаў і вышыванне, іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сталі адным цэлым.

0000003

Ужо потым, калі Тамара Міхайлаўна працягне педагагічную дзейнасць у Камарынскім доме дзіцячай творчасці, таямнічы свет фантазіі і прыгажосці раскрыюць з яе дапамогай мноства выхаванцаў. Заняткі ў гуртках пад яе кіраўніцтвам стануць пошукам сябе, захапленнем, а для некаторых і крокам у прафесію. У палон возьме не толькі ручная праца, але і краязнаўчая дзейнасць: разам з Тамарай Міхайлаўнай дзеці збяруць каштоўны матэрыял аб выселеных вёсках Брагіншчыны, вывядуць на прастор уласныя думкі і разважанні аб бядзе, якую прынёс на нашу зямлю Чарнобыль.

Сёння, дарэчы, ад многіх сваіх выхаванцаў, ужо дарослых, жанчына чуе шчырую падзяку, што некалі падахвоціла ўзяць у рукі іголку, ніткі і тканіну – тварыць не перастаюць дагэтуль. А колькі выйшла з-пад яе рук сакавітых узораў ды яркіх карцін – не злічыць. Адны з работ сталі падарункамі для родных і знаёмых, другія ўпрыгожваюць дом ці беражліва захоўваюцца ў шафе, а ёсць і такія, што вандруюць па выставах. З імі жыхарка Камарына пабывала не толькі ў розных куточках Беларусі, але і за мяжой.

Як сведчанне таленту і высокага майстэрства, выніковай дзейнасці па захаванні і пераемнасці традыцый – неаднаразова адзначаная праца на раённым і абласным узроўнях, граматы і дыпломы, прывезеныя з Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”, Усерасійскага фестывалю фальклору і рамёстваў “Русь песенная, Русь мастеровая”, многіх іншых мерапрыемстваў. Удзел у іх для Тамары Міхайлаўны – выдатная магчымасць не толькі прадэманстраваць свае вырабы і правесці майстар-класы, але і ўбачыць непаўторныя рэчы іншых умельцаў, бліжэй пазнаёміцца з культурай суседніх народаў. Даўно, напрыклад, яна прыкмеціла ўплыў украінскай вышыўкі на камарынскую, дзе гэтак жа пераважаюць чырвоны, зялёны і чорны колеры, адчуваецца падабенства ў арнаментах.

0000002

Ужо больш як пятнаццаць гадоў гэтая жанчына можа знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але прага да творчасці, мастацтва перамагае: працягвае працаваць, зараз – мастаком-афарміцелем у мясцовым культурна-спартыўным цэнтры. А дома гэтак жа ў вольную хвіліну бярэ ў рукі іголку, раскладвае палітру нітак і дае прастор фантазіі. Так ствараецца гама пачуццяў, частка ўласнага свету, напоўненага ўнутранай і знешняй прыгажосцю. Шывок за шыўком – і выцясняюцца шэрыя фарбы з нашых будняў, надзяляючы жыццё яркімі квяцістымі колерамі.

Тамара Міхайлаўна ўпэўнена: святло народнага мастацтва, культурных і духоўных набыткаў не павінна згаснуць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА