Марудна ідзе працэс падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ. Прычына вядомая: недахоп грашовых сродкаў, складанае фінансава-эканамічнае становішча гаспадарак нашага раёна. Але ж і ў такой сітуацыі некаторыя паспяваюць зрабіць больш, чым астатнія. Па словах галоўнага інжынера ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Пінжакова, найгоршае становішча – у ААТ “Брагінка” і “Пераможнік”.

Да 1 сакавіка, як запэўнілі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, 95% трактароў і сельгасмашын будуць стаяць на лінейцы гатоўнасці. У сакавіку наш паўднёвы раён адзін з першых пачынае сяўбу ранніх яравых, таму марудзіць нельга.
Напярэдадні калегіі Мінсельгасхарчу, якая запланавана на канец лютага, пройдзе рэспубліканскі семінар па пытаннях падрыхтоўкі тэхнікі да палявых работ. На ёй будуць абмеркаваны праблемы забеспячэння гаруча-змазачнымі матэрыяламі, разлікаў за аказаныя паслугі па рамонце, за атрыманыя запчасткі. Мерапрыемствы такія сталі традыцыйнымі, яны сведчаць, што сельскай гаспадарцы ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Ад аграрыяў чакаюць самаадданай работы і высокіх вынікаў.
Ніна СІНІЛАВА