Славіцца хата абразамі і вышыванымі ручнікамі. Так лічылі нашы продкі і стараліся аздабляць свае дамы адпаведна гэтаму прынцыпу. А дзяўчаты, якія гарнуліся да спраў рукатворных, былі завіднымі нявестамі. Пралі, ткалі, выводзілі з дапамогай іголкі ды нітак дзівосныя ўзоры… Кожная такім чынам рыхтавала пасаг для вяселля. Горы падушак ў прыгожых вышываных навалачках, аздобленыя абрусы, прасціны, накідкі, іншыя рэчы расцэньваліся як сімвал жаночай дбайнасці і працавітасці.
Так было і ў гады маладосці Таццяны Фадзеевай. У Лоеўскім раёне, дзе яна нарадзілася і вырасла, вышывалі і дома, і на вячорках, асабліва доўгімі зімовымі вечарамі, чаргуючы гэты занятак са спевамі ды жартамі.
З замілаваннем назірала юная Таццяна, як з-пад рук маці, старэйшых сябровах выходзяць адмысловыя рэчы – і вельмі захацелася самой хутчэй асвоіць традыцыйнае народнае рамяство. Захапілася вышываннем, яшчэ будучы школьніцай. Ды так, што часам і над вучобай яно брала верх: не адпускала рыхтаваць дамашнія заданні. А ад бацькоў у такім выпадку, вядома, пахвалы чакаць не даводзілася, таму нярэдка стварала задуманае ўпотай. Сядзець за любімай справай пад святлом газавай лямпы гатова была ноч.
Калі надышоў час ісці замуж, аб майстэрстве Таццяны ўжо сведчыла мноства прыгожых рукатворных рэчаў, у кожную з якіх уклала не толькі талент і фантазію, але і шчырасць сваёй душы. Як і належала, у доме жаніха была наладжана выстава пасагу нявесты. Каханне прывяло дзяўчыну ў вёску Макрэц Брагінскага раёна. Тут стварылася сям’я, нарадзілася трое сыноў. Колькі дазваляла здароўе, працавала Таццяна Іванаўна даяркай у мясцовай сельскай гаспадарцы. І ніякія клопаты, цяжкасці, турботы не зменшылі прагу да “паэзіі ў тканіне”, не засланілі любоў да народнага рамяства. Знаходзіць жанчына ў ім станоўчыя эмоцыі, асалоду для душы і зараз, у сваім пенсійным узросце. Гэта і выратавальны круг ад адзіноты ў доме – няма ўжо мужа, раз’ехаліся дзеці, і лепшы спосаб заняць сябе ў вольны час. Творчы працэс захапляе, зацягвае з галавой. Рукі дагэтуль памятаюць усе таямніцы рамяства, да якога прыкіпела з дзяцінства.
Нельга не прыкмеціць, што ў работах майстрыхі пераважаюць раслінныя матывы. За аснову яна нярэдка бярэ кветкі з хустак, якім раней аддавала перавагу практычна кожная вясковая жанчына. Але аўтарскі ўзор атрымліваецца больш выразны і маляўнічы пры дапамозе яркіх, сакавітых колераў нітак. Так “расцвітаюць” на тканіне пунсовыя ружы, цюльпаны, іншыя прадстаўнікі флоры. І гэтыя рэчы, безумоўна, захоўваюць цеплыню далоней творцы, даюць магчымасць убачыць яе ўнутраны свет – такі ж чысты, светлы і прыгожы, як і вынікі рукатворнай працы.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА