Ужо 20 год напярэдадні самых любімых зімовых святаў яна дорыць хлопчыкам і дзяўчынкам сапраўдную казку і шмат станоўчых эмоцый.
Найперш усіх прысутных у зале павіншаваў са святам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Калясан, які пажадаў маленькім жыхарам раёна добрага настрою, поспехаў у вучобе і здзяйснення ўсіх мар. Затым пачаўся навагодні спектакль “Дзед Мароз і касмічныя разбойнікі”. Яго ўвазе гледачоў прапанавалі супрацоўнікі і юныя артысты раённага дома культуры.
Спачатку дзеці з цікавасцю назіралі за падарожжам па Галактыцы Мішы і Машы, якія прыйшлі на дапамогу Снягурцы ў пошуках Дзеда Мароза. А потым і самі сталі ўдзельнікамі навагодніх прыгод каля ёлкі. Забаўляльная праграма, падрыхтаваная калектывам Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, прывяла хлопчыкаў і дзяўчынак у захапленне. Яны танцавалі, вадзілі карагоды і імкнуліся перамагчы ў разнастайных конкурсах і гульнях. Без падарункаў, вядома, не застаўся ніхто.
У той жа дзень прайшоў заключны этап акцыі “Бяспечны Новы год”, падчас якой інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Ірына Чарняўская нагадала школьнікам аб асноўных правілах пажарнай бяспекі ў святочны перыяд і раздала ўсім тэматычныя лістоўкі.