Дажынкі ў раёне – значная падзея не толькі для вяскоўцаў, але і для ўсіх жыхароў і гасцей Брагіна. Бадай, ніводнае прафесійнае свята не выклікае столькі пачуццяў павагі да людзей працы, удзячнасці ім за хлеб надзённы, як гэтае. Наш раён – сельскагаспадарчы, таму якія змены адбываюцца ў сельгасвытворчасці, чым жыве АПК, якую тэхніку выкарыстоўваюць хлебаробы на палях для дасягнення высокіх ураджаяў, цікава многім.
Не дзіўна, што каля сучасных сельгасмашын, а іх механізатары гаспадарак выстраілі на цэнтральнай плошчы райцэнтра, збіраліся і пажылыя людзі, і маладыя маці з дзецьмі. Апошнім дазвалялі забрацца ў кабіну магутнага трактара, і хто ведае, магчыма, хлапчук, які адчуваў сябе самым шчаслівым у гэтыя хвіліны побач з механізатарам, стане ў далейшым праслаўленым хлебаробам. Такім, якія ў суботу, 21 лістапада, сабраліся ў зале раённага дома культуры на сваё галоўнае свята.
У суправаджэнні ўрачыстай мелодыі ў зале з’яўляецца Талака (Любоў Дубатдзел) з пышным караваем на вышытым ручніку ў суправаджэнні Багача (Яўген Кукуеў) і Жыценя (Яўген Корхаў). Пачынаецца свята шанавання лепшых хлебаробаў, жывёлаводаў, спецыялістаў, якія сталі пераможцамі спаборніцтва.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан цёпла павіншаваў працаўнікоў сельскай гаспадаркі з дасягнутымі вынікамі і з прафесійным святам. Нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, валавы збор зерня склаў сёлета 33 413 тон. У ААТ “Малажынскі” намалацілі 7957 тон пры сярэдняй ураджайнасці 35,3 цэнтнера з гектара, у “Чамярыскім” – 4515 тон (36,4 цнт/га). Хлебаробы ААТ “Камарынскі” не толькі не знізілі валавы намалот збожжавых, але і сабралі на 307 тон хлеба больш чым у 2014-м годзе. Акрамя гэтага, у раёне атрымана 2828 тон зерня кукурузы.
Ад усёй душы Аляксандр Васільевіч падзякаваў механізатарам, якія працавалі на энерганасычаных трактарах, аграномам, аператарам сушыльных комплексаў, паляводам за сумленную самаадданую працу і яе вынікі.
Ёсць дасягненні і ў жывёлагадоўлі. Працаўнікі ферм павялічылі вытворчасць малака і мяса на 10,6%. Найвышэйшыя надоі – у ААТ “Камарынскі” і “Брагінка”, прывагі буйной рагатай жывёлы – у ААТ “Чамярыскі”. За гэтымі вытворчымі паказчыкамі – людзі. Шчырае прызнанне і падзяку кіраўнік раёна выказаў брыгадзірам ферм, зааветслужбе, аператарам машыннага даення, даглядчыкам, дырэктарам сельгаспрадпрыемстваў, інспектарам аддзелаў кадраў, усім вяскоўцам. З надзеяй сустрэлі на Брагіншчыне маладых спецыялістаў, з якімі звязваюць будучыню раёна.
Аляксандр Васільевіч падкрэсліў ролю абласнога выканаўчага камітэта, які выдзеліў сёлета 21 мільярд рублёў на развіццё раёна, а таксама перапрацоўчых прадпрыемстваў Гомеля.
На сцэну запрашаюцца пераможцы спаборніцтва сярод экіпажаў на ўборцы зерня, нарыхтоўцы кармоў, вадзіцеляў, механізатараў, аператараў машыннага даення, даглядчыкаў, спецыялістаў. Кіраўнік раёна ўручыў ім Ганаровыя граматы і сертыфікаты на пэўную суму.
У складзе лідараў адбыліся некаторыя змены. Па ўдакладненых даных эканамістаў, першынство сярод маладзёжных экіпажаў на ўборцы зерневых і зернебабовых – у Аляксандра Мішчанкі з ААТ “Камарынскі”. Старшы камбайнер Андрэй Гуз і камбайнер Вадзім Малы з “Малажынскага” занялі другое месца.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Свірыдаў як ніхто ведае, якімі намаганнямі даліся ў гэтым годзе намалочаныя тоны збажыны, нарыхтаваных кармоў або надоенага малака. Ён шчыра падзякаваў вяскоўцам за адданасць справе, уручыў Ганаровыя граматы і сертыфікаты тым, хто заняў другое месца.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк зачытаў прывітальны адрас сельгасвытворцам Брагіншчыны ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланы Чэкан, прадоўжыў цырымонію ўзнагароджвання лепшых.
Старшыня Брагінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ганна Бабрынёва і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан таксама не маглі абмінуць важную падзею ў жыцці аграрыяў, разам з цёплымі словамі віншавання ўручылі прадстаўнікам працоўных калектываў і прафсаюзным актывістам граматы і прэміі.
Для намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення, начальніка аддзела аграхіміі і аховы раслін Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Пятра Бурдука Брагіншчына – малая радзіма. Да сумнатрагічнага 1986 года ён працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі ў калгасе імя Тэльмана, узначальваў калгас “Шлях да камунізму”. Таму з асаблівым задавальненнем Пётр Іванавіч павіншаваў землякоў з дажынкамі не толькі ад сябе, але і ад Міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Брагінская зямля стабільна дае ўраджай зерня, і гэта не застаецца незаўважаным на рэспубліканскім узроўні. Спецыяльна для адзінай жанчыны ў дырэктарскім корпусе Тамары Кудан ён прывёз з Мінска букет жывых кветак ад міністра.
Асабліва прыемна было пачуць ад вядучых мерапрыемства Анжэлы Бондар і Рамана Цеслянка, а таксама ад Пятра Бурдука пра ветэранаў сельгасвытворчасці, якіх зап-расілі на свята і ў гонар якіх прагучалі апладысменты. Васіль Яфімавіч Грыб, Мікалай Апанасавіч Дубавец, Мікалай Лявонцьевіч Шылец у свой час нямала зрабілі для развіцця калгасаў і саўгасаў, іх і да гэтага часу ўспамінаюць у калектывах з павагай.
Пасля ўрачыстай часткі пачаўся святочны канцэрт.
А на другім паверсе раённага дома культуры вабілі і зачароўвалі з густам аформленыя падворкі з разнастайнымі вырабамі, сапраўднымі шэдэўрамі кулінарыі і народных промыслаў.
Усім работнікам АПК Брагіншчыны мы дзякуем за пышны каравай на нашым стале і ў будні, і ў святы, харчовую стабільнасць, жадаем новых здабыткаў і здзяйснення намечанага. Няхай не ведаюць стомы вашы рукі, моцным будзе здароўе, шанцуе ва ўсім. І каб у наступным годзе каравай быў багатым, ніва радзіла шчодра і давала ўсяго ўдосталь: і хлеба, і да хлеба.
Неслабная ўвага дасягненням аграрыяў, іх праблемам, ходу спаборніцтва ў час адказных сельгаскампаній, жывёлагадоўлі, лепшым працаўнікам удзяляецца на старонках нашай газеты. Вялікі дзякуй рэспубліканскаму сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” за тое, што ацаніла сціплы ўклад калектыву рэдакцыі. Мы таксама спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.
Ніна СІНІЛАВА