З Украіны — у Беларусь

Грамадства

Uchitel_1

Беларусы заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю, мірным характарам, душэўнай шчодрасцю. І цёплая сустрэча на нашай зямлі людзей, якія вымушаны былі пакінуць суседнюю краіну з-за баявых дзеянняў, яшчэ адно таму пацвярджэнне. У кожнай украінскай сям’і – свая гісторыя, але ўсе сыходзяцца ў меркаванні: на новым месцы жыхарства ціха і спакойна, не чуваць стрэлаў і разрываў снарадаў, адчуваецца добразычлівасць людзей.

 

Яшчэ нядаўна Ірына Уладзімі-раўна Шубянок са сваім мужам і сынам жылі ў Луганску. Ніхто не мог і падумаць, што давядзецца пераехаць у Беларусь. Яны зрабілі гэта дзеля ўласнай бяспекі, будучыні свайго дзіцяці. Як і многія іншыя, ратаваліся ад нестабільнасці і канфлікту, які пераўтварыўся ва ўзброенае супрацьстаянне.
Калі ў прыгарадзе пачалі разгарацца баявыя дзеянні, маладая сям’я ўсур’ёз усхва-лявалася: заставацца было небяспечна. Сваю дапамогу прапанавалі сваякі з Камарына, куды і вырашылі накіравацца. Ведалі, што іх чакаюць, гатовы прыняць, але ў душы ўсё роўна панаваў неспакой, ахоплівала трывога. “Адчувала сябе, як дрэва, якое вырвалі з зямлі з каранямі і перасадзілі ў іншае месца, а прыжывецца ці не – невядома”, – з болем успамінае Ірына Уладзіміраўна. І сёння, ужо больш чым праз год пасля вымушанага перасялення, з упэўненасцю зазначае: усё зрабілі правільна.
Сям’і Салаўёвых, якая напачатку дала ўкраінскім сваякам прытулак, падтрымала маральна, перасяленцы дагэтуль застаюцца шчыра ўдзячнымі. У Луганску, дарэчы, яны наймалі жыллё і марылі з цягам часу купіць сваё. “Добра, што не паспелі і прыехалі ў Камарын з некаторымі грашовымі зберажэннямі. Гэта дазволіла тут набыць кватэру”, – гаворыць маладая жанчына. А педагагічная адукацыя дапамагла без праблем працаўладкавацца.
Зараз Ірына Уладзіміраўна выкладае ў Камарынскай сярэд-няй школе англійскую мову. Яе шчырасць і дабрадушнасць, любоў да дзяцей, зацікаўленасць у справе адразу ж заўважылі і кіраўніцтва, і калегі. Спачатку, праўда, давялося прызвычаіцца, бліжэй пазнаёміцца з вучэбнымі праграмамі, методыкамі і падыходамі да выкладання прадмета ў беларускіх школах. Вельмі дарэчы была дапамога настаўніцы замежнай мовы Наталлі Васільеўны Бельчанкі. Упэўненасці ў сваіх сілах дадавала таксама цёплая сустрэча ў калектыве, падтрымка кіраўніцтва і калег.
Заўважыўшы стараннасць і мэтанакіраванасць Ірыны Уладзіміраўны, у школе менавіта ёй даручылі падрыхтоўку вучняў старэйшых класаў да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання па англійскай мове. Прыемна, што выпускніца Камарынскай СШ Кацярына Якімовіч, з якой займалася гэтая настаўніца, дасягнула жадаемага выніку: набрала на ЦТ па замежнай мове больш чым семдзесят балаў і з поспехам паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Яе мара – працаваць перакладчыкам.
На думку ж самой Ірыны Уладзіміраўны, работа з дзецьмі – гэта шчасце. Ад іх атрымліваеш зарад бадзёрасці, пазітыву і жыццёвай энергіі, адчуваеш аддачу. На сваёй радзіме настаўніца пачынала працоўны шлях менавіта з выкладчыцкай дзейнасці ў школе, а прадоўжыла яго ў прыватнай навучальнай установе ў якасці загадчыцы вучэбнай часткі. І, відаць, усё патрэбна было спазнаць у параўнанні, каб упэўніцца ў перавазе першага: заняткі і зносіны з вучнямі ёй бліжэй. Чым больш знаходзішся побач з дзецьмі, тым больш асвятляецца тваё жыццё, – лічыць Ірына Уладзіміраўна.
Здаецца, ужо асвойталіся на новым месцы, прыйшло пачуццё спакою. Але ці знікне душэўны боль, туга па радзіме?.. Добра, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць падтрымліваць сувязь з роднымі і блізкімі, даведвацца пра становішча ў іх населеных пунктах, дзе пакуль, на шчасце, зацішша. Старэйшаму пакаленню, як зазначае пера-сяленка, куды цяжэй развітацца за звыклым укладам жыцця, адарвацца ад дома – там засталіся бацькі.
Затое сагравае маладую сямейную пару ўжо тое, што іх сын будзе расці і выхоўвацца не ў жаху трагічных падзей і нервовых узрушэнняў, а ў атмасферы стабільнасці і грамадзянскага спакою. Менавіта ў Камарыне Глеб пайшоў у першы клас. Новыя знаёмствы, школьнае жыццё, шыкоўная прырода, пачуццё свабоды – яму тут падабаецца ўсё. І нават мова не стала перашкодай. З бабуляй па тэлефоне ці ў рэжыме рэальнага часу па-ранейшаму размаўляе па-ўкраінску, з новымі сябрамі – па-руску, а матулю ўжо паспеў прыемна ўразіць вершам, што прагучаў з яго вуснаў на беларускай мове.
Відаць, у такія хвіліны і прыходзіць асэнсаванне, якая гэта вялікая каштоўнасць – любімая работа, спакой у дабрабыт у сям’і, радасць ад першых поспехаў твайго дзіцяці, адчуванне таго, што ты не адзін, твая справа патрэбна іншым.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК