Званне «Дзіця міру» прысвойваецца немаўлятам, якія нарадзіліся ў Сусветны дзень міру, 21 верасня. Акцыю праводзіць абласное аддзяленне Фонду міру ўжо дзявяты год запар.
Менавіта ў гэты дзень з’явіўся на свет і сын у сям’і Дзегцярэнкаў са Шкуратоў, якому таксама пашанцавала стаць “Дзіцём міру”. З нагоды такой прыемнай падзеі з самымі цёплымі віншаваннямі на мінулым тыдні ў дом да шчаслівых бацькоў завіталі старшыня Брагінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонду міру” Міхаіл Залугоўскі і старшыня Вуглоўскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Раманюк.
Міхаіл Іванавіч уручыў маці пасведчанне аб прысваенні яе немаўляці ганаровага звання і грашовую дапамогу. Ён пажадаў сям’і моцнага здароўя, дабрабыту і, вядома ж, міру, а таксама выказаў упэўненасць, што ў хлопчыка Максіма, які нарадзіўся ў такі знамянальны дзень, усё ў жыцці складзецца паспяхова.
Дарэчы, у нашай вобласці 21 верасня 2015 года нарадзілася 65 немаўлят. А ўсяго з пачатку акцыі статус “Дзіця міру” атрымалі 463 маленькія жыхары Гомельшчыны, у тым ліку чацвёра – на Брагіншчыне. Спадзяёмся, што ў будучым, яны працягнуць справу сённяшніх міратворцаў: будуць прапагандаваць мір, сяброўства і згоду, увасабляць у жыццё ідэі міласэрнасці і гуманізму.