26 ліпеня бягучага года Таццяне Ціханаўне Шэін з Новай Іёлчы споўніцца 80 гадоў, але на выгляд гэтага не скажаш.
Яна ўвесь час у руху, у справах, занятак сабе знаходзіць кожную хвіліну. Шмат чытае, выпісвае часопісы, адкуль чэрпае карысную інфармацыю. Напрыклад, як пасадзіць бульбу па галандскай тэхналогіі ці вышыць карціну “Маці і дзіця”.
А яшчэ складае вершы, разводзіць кветкі, сустракаецца з сяброўкамі, выдатна гатуе варэнікі з вішнямі і дорыць цеплыню свайго сэрца родным і блізкім.
Упершыню ўбачыла Таццяну Ціханаўну на сцэне РДК у час выступлення калектыву самадзейных артыстаў з Новай Іёлчы на раённым аглядзе-конкурсе. Не запомніць гэтую вясёлую і рухавую жанчыну нельга было. Яна так залівіста спявала прыпеўкі і біла ў бубен, што ногі самі прасіліся ў скокі. Як аказалася, аўтар гэтых прыпевак яна сама, бо валодае цудоўным дарам – складаць вершы і выказваць у рыфмаваных радках свае пачуцці і эмоцыі, перажыванні. Апошніх хапіла на яе вяку з ліхвой. Самай страшнай трагедыяй стала заўчасная смерць любімай дачкі Наташы, а потым – і мужа, з якім пражыла 57 гадоў.
Працоўная біяграфія Таццяны Ціханаўны пачалася ў 17 гадоў. Сярэднюю школу не закончыла, да выпускной вясны заставалася ўсяго паўгода, але ж у маці не было 75 рублёў, каб заплаціць за навучанне за апошнія шэсць месяцаў. Таму таленавітая, разумная дачушка Кацярыны Захараўны Мельнік так і не атрымала доўгачаканы атэстат разам з сяброўкамі. Давялося навёрстваць упушчанае потым. Сын Аляксандр быў ужо ў 9-м класе, калі Таццяна Ціханаўна паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум. Вучылася паспяхова, была старастай групы і прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы.
Сакратар-машыністка райземаддзела, сакратар судовага пасяджэння, рахункавод сельскага спажывецкага таварыства, касір аўтастанцыі – усе гэтыя пасады прыўносілі ў жыццё нешта новае, дарылі сустрэчы з цікавымі людзьмі. З некаторымі з іх падтрымлівае сувязь і зараз. Выхад на пенсію мала што змяніў у характары і паводзінах нашай гераіні. Свой новы дзень плануе загадзя і сустракае кожную раніцу з аптымізмам. Завяла сшытак, у якім запісвае, што неабходна зрабіць. Любіць корпацца ў агародзе, дзе ў яе растуць кветкі, бульба, гародніна, пладаносіць сад.
Кветкавае царства і каля двара дбайнай гаспадыні. Агароджа ярка пафарбавана і ўпрыгожана фігуркамі з дрэва (выразала сама). У яе маці не было грошай, затое мудрая жанчына валодала іншым багаццем: талентам ствараць цуды рукамі. З генамі гэта перадалося Таццяне Ціханаўне, якая не перастае здзіўляць вяскоўцаў. Напрыклад, самастойна пабудавала лазню. Знаёмы муляр усё перасцерагаў яе: “Глядзі, вугал не скрыві, не закасі, выведзі роўны, прыгожы”. На што ўмеліца адказвала: “А я працую з ураўнем”.
У яе ёсць сакрэты, як не старэць, заставацца маладой. Галоўнае – быць аптымісткай, насуперак нязгодам і непрыемнасцям не страчваць пачуццё гумару. А яшчэ – любімы занятак. Яна піша вершы. Некаторыя творы прысвечаны чарговай гадавіне з дня аварыі на ЧАЭС, Брагіну, дзецям. Нельга без хвалявання слухаць радкі, прымеркаваныя да Дня Перамогі, адрасаваныя сяброўкам. Таццяна Ціханаўна па-ранейшаму вышывае. У яе ёсць яркія дываны, якія ўпрыгожваюць дом. На адным з іх – сюжэты з пяці карцін, якія кампанавала, дапаўняла сваімі матывамі. Як жа без беластволай прыгажуні-бярозы абысціся! Знайшлося месца на палатне і ёй.
Большасць вышыванак аддала нявестцы. Адносіны з абранніцай сына спачатку не заладзіліся. І не па віне Таццяны Ціханаўны. З цягам часу яна даказала маладой жанчыне, што маці Аляксандра заслугоўвае любові, павагі. А яшчэ таго, каб захапляліся яе розумам і мудрасцю, вялікім сэрцам. У ім столькі дабрыні, што хапае на ўсіх. Часам сын здзіўляецца, як лёгка яго матуля знаходзіць узаемаразуменне з унукамі і праўнукам. А тая ў сваю чаргу ў недаўменні, як можна наладзіць кантакт з чалавекам, калі не аддаваць яму сваёй цеплыні, не шанаваць яго. Са сваёй свякроўю Таццяна Ціханаўна пражыла разам чвэрць веку, тая нікуды не хацела ехаць з дому сына, настолькі камфортна і добра было ёй тут.
Дарагая наша імянінніца! Доўгага-доўгага вам веку, моцнага здароўя і пабольш прыемных хвілін. Няхай нішто больш не азмрочвае ваша жыццё, часцей тэлефануюць дзеці і ўнукі і радуюць вас сваімі поспехамі і дасягненнямі.
Ніна СІНІЛАВА