Першымі ў раёне да ўборкі зерневых прыступілі працаўнікі ААТ “Камарынскі”. Свежы ржэўнік і запрасаваную салому можна было ўбачыць на палетках гаспадаркі яшчэ 4 ліпеня. У Камарыне заканчваліся прыгатаванні да святкавання юбілейнай даты, было шумна і ажыўлена, а ў гэтым урочышчы насупраць Бярозак вялася прывычная для сялян работа. Следам за камбайнамі рухаўся прэс-падборшчык, пакідаючы пасля сябе акуратныя рулоны саломы. Жніво пачалося, пайшоў хлеб новага ўраджаю, і ад усведамлення гэтага неяк пацяплела на сэрцы.
Наведацца да тых, хто вырашае лёс вырашчанага ўраджаю, змаглі 20 ліпеня. Вопытныя камбайнеры, прычым некаторыя без памочнікаў, жалі і малацілі жыта каля жывёлагадоўчай фермы (вёска Кірава). Нам пашанцавала сустрэць лепшых механізатараў і шафёраў. Зерне адвозяць чатыры аўтамашыны і трактар. Прозвішча Сяргея Буйдэнкі значыцца ў ліку лепшых вадзіцеляў раёна, на рахунку якіх найбольшая колькасць перавезенага збожжа. Для Валянціна Бельчанкі гэтае жніво – пятнаццатае па ліку, апошнія чатыры гады за баранкай МАЗ-555 ён праводзіць яго ў “Камарынскім”. Саўгас “Краснае”, дзе працаваў раней, рэфармавалі і далучылі да больш паспяховай гаспадаркі, і ён перайшоў сюды.
Не займаць вопыту камбайнеру Мікалаю Цімошчанку. Убірае хлеб ён разам з Андрэем Камскім. Добрая слава ідзе ў сельгаспрадпрыемстве пра Івана Давідзенку. Пакуль менавіта Іван Уладзіміравіч узначальвае спаборніцтва сярод зернеўборачных экіпажаў раёна, на другой пазіцыі – Віталь Сафіенка з гэтай жа гаспадаркі.
Упэўнена вёў па хлебнай ніве свой стэпавы карабель Валерый Касцючэнка, а ў старшага камбайнера Аляксандра Бельчанкі памочнік з Украіны. Рыгор Нагорскі вымушаны быў пакінуць сваю краіну, дзе ідзе вайна, і пераехаць у Беларусь, каб заняцца мірнай працай.
Найлепшыя вынікі сярод маладых камбайнераў раёна таксама ў камарынца. Аляксандр Мішчанка трывала ўвайшоў у кагорту ўмелых і адказных, якія штогод дабіваюцца на жніве добрых паказчыкаў. Было б неяк дзіўна, калі б у працоўнай біяграфіі Аляксандра Сяргеевіча склалася ўсё па-іншаму. І гэта пры тым, што ўраджайнасць зерневых і зернебабовых у адкрытым акцыянерным таварыстве на нізкабальных землях атрымліваюць невысокую. Па словах галоўнага агранома Аляксандра Петруненкі, азімага жыта намалочваюць па 25-26 цэнтнераў з гектара. Валавы збор яго на 21 ліпеня склаў 1408 тон. На гэту дату скошана і абмалочана 545 гектараў зерневых.
Уборачная працягваецца, як і спаборніцтва сярод экіпажаў і вадзіцеляў. Перамагаюць мацнейшыя, у каго найбольшая колькасць намалочанага і перавезенага ад камбайнаў збожжа. Прычым няважна, дабіліся яны такіх вынікаў у пачатку ці ў канцы адказнай кампаніі. Але ж нельга пры падвядзенні вынікаў скідваць з рахунку тых, хто ішоў першым і задаваў тон у рабоце. Інакш па-ранейшаму ў душы камарынцаў застанецца і будзе жыць пачуццё несправядлівасці, аб чым яны скажуць на галоўным сходзе года.
Ніна СІНІЛАВА