Агароджы, якія пахіліліся ці проста выглядаюць непрывабна, сустракаюцца ў многіх населеных пунктах. Не выключэннем з’яўляецца і райцэнтр. Аднак у бліжэйшы час карціна можа кардынальна змяніцца, бо пра намер спаганяць штрафы з нядбайных брагінчан заявілі і супрацоўнікі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
Работа вядзецца ў некалькі этапаў. Спачатку парушальнікаў папярэджваюць і просяць ухіліць недахопы. Калі ж гаспадары не адрэагуюць на заўвагу, ім давя-дзецца развітацца з немалой сумай грошай. Згодна з ч. 2 артыкула 21.14 КаАП, за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў прадугледжаны штраф да дваццаці пяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад дзесяці да пяцідзесяці, а на юрыдычную асобу – ад дваццаці да ста.
…Агароджа каля домаўладання грамадзянкі П., што пражывае па вуліцы Зіновіча, пакасілася ўжо даўно і трымаецца на падпорках. Па словах начальніка аддзела ЖКГ Сяргея Прыходзькі, гаспадыня неаднаразова папярэджвалася аб адказнасці за непрывабны выгляд плота, толькі з часам сітуацыя не змянялася.
У чарговы раз па знаёмым адрасе камісія накіравалася ў мінулы панядзелак. Жанчына сустрэла гасцей не вельмі ветліва, і гэта мякка кажучы. У грубым тоне яна патрабавала пакінуць яе сям’ю ў спакоі і запэўнівала, што складзены пратакол падпісваць не збіраецца.
Асаблівы прыліў агрэсіі ў грамадзянкі чамусьці вызваў від фотакамеры. Нават давялося вызываць участковага інспектара міліцыі. Пасля тэлефоннага званка ў РАУС жанчына супакоілася – сустрэча з праваахоўнікамі ў яе планы відавочна не ўваходзіла.
На пытанне, калі нарэшце будзе заменена агароджа, жыхарка паведаміла, што чакае мужа, які зараз працуе ў Расіі. Дамоў ён вернецца недзе праз два тыдні, тады сям’я і зоймецца добраўпарадкаваннем. Так гэта ці не, пакажа час. А пакуль на грамадзянку П. складзены пратакол, яе чакае адміністрацыйная адказнасць.
Да брагінчан, якія жывуць на цэнтральных вуліцах пасёлка, у райвыканкама асаблівыя патрабаванні. Іх домаўладанні кідаюцца ў вочы як нідзе, таму заўсёды павінны быць дагледжанымі, а агароджа не толькі пафарбаваная ў пэўны колер, але і мець эстэтычны выгляд. У адваротным выпадку да гаспадароў будуць прыняты меры.
Пры гэтым ў аддзеле ЖКГ сцвярджаюць, што у іх няма такой задачы – кожнаму прызначаць самае суровае пакаранне. Мэта іншая – зрабіць Брагін прыгожым, каб яго вуліцы радавалі сваёй чысцінёй, а не абуралі смеццем і зараснікамі. Але ж меры да тых, хто ўсяляк перашкаджае рабоце, – не ідзе на кантакт, замыкаецца ў доме і не выконвае прадпісанні, будуць прымяняцца строгія.