Узгадваецца мінулагодняе жніво ў ААТ “Пераможнік”, дакладней, яго фініш. Менавіта зернеўборачныя экіпажы гэтай гаспадаркі спраўлялі дажынкі першымі ў раёне. Апошні камбайн пакінуў поле 31 ліпеня. Сёлета так не атрымаецца. Мы пабывалі ў сельгаспрадпрыемстве 29 ліпеня, але аб завяршэнні адказнай кампаніі і размовы не было. Пасля абеду пайшоў дождж, быў ён і напярэдадні цэлы дзень, таму тэхніка з механічнай майстэрні не выязджала. З аднаго боку гэта добра: можна падрамантаваць не новыя камбайны, з другога – зацягваецца касавіца хлябоў, якія сёлета нямала пакутуюць ад прыроднай анамаліі.
Зерневыя жнуць і малоцяць пяць экіпажаў, прыкладна ў такім жа складзе, як і ў 2014-м. Васіль Боркін працуе разам з Іванам Карпенкам, Мікалай Дарошчанка – з Аляксеем Крусам, Уладзімір Карпенка – з Сяргеем Катлярэнкам (у ААТ “Пераможнік” занялі летась першае месца). Тандэм Сяргей Сідарок і Аляксандр Бухавец выйшаў у гэтыя дні ў тройку лепшых экіпажаў раёна. А ў Міхаіла Дарошчанкі замест Аляксея Кабанчука памочнікам камбайнера стала дачка Наталля, будучы медык. Іван Карпенка, напрыклад, па спецыяльнасці механік. Паколькі людзей не хапае, у гэтую пару садзіцца за штурвал камбайна.
Хто з іх выйдзе пераможцам спаборніцтва ў сваім калектыве, высветліцца потым. Хаця ўжо сёння можна сказаць, што сярод шафёраў гэта будзе Міхаіл Іотчанка. Яго кожны год віншуюць у раёне як першага “тысячніка”. Сёлетні не выключэнне. Прозвішча Міхаіла Міхайлавіча значыцца ў спісе вадзіцеляў на раённай Дошцы гонару “Жніво называе лепшых”.
Для маладога агранома Анатоля Панчанкі гэтая ўборачная кампанія – трэцяя па ліку. Вопыт прыходзіць з гадамі, але ж аналізаваць і прадбачыць неабходна ўжо зараз. Як і вызначыцца з падборам культур і сартамі. Акрамя зерневых і зернебабовых, не вырошчваюць больш ніякіх культур. Найвышэйшую ўраджайнасць дае азімае трыцікале – па 45 цнт з гектара. Гэта на асобных участках, бо ёсць і менш.
Уборка хлеба – справа ганаровая. Далучаюцца да яе гараджане. Адвозіць збожжа вадзіцелям “Пераможніка” дапамагаюць прыватнік Мікалай Герман з Брагіна, а таксама Анатоль Крывалапаў з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Для ўдзельнікаў жніва арганізавана двухразовае харчаванне.
Следам за камбайнамі пойдуць сеялкі. Пад аўсяна-гарохавую сумесь у сельгаспрадпрыемстве адвядуць прыкладна 300 гектараў. Запасы кармоў для грамадскай жывёлы неабходна папаўняць.
Ніна СІНІЛАВА