У гэты дзень 74 гады назад пачалася вайна

Грамадства

oboi_velikaya

Як пачыналася  самая страшная і разбуральная вайна XX стагоддзя, мы ведаем толькі з кінахронікі ды мастацкіх фільмаў: світанак на беларуска-польскай граніцы, туман над ракой і трывожная цішыня. Здаецца, нават прырода замерла ў прадчуванні вялікай бяды. А пасля – гул самалётаў і тоны смяротнага металу, абрынутыя на мірныя гарады і вёскі.   Колькі абарвалася жыццяў, пралілося крыві! Колькі пахавана мар і надзей у варонках ад бомб і снарадаў!.. Прайшло столькі часу, але не гасне памяць пра жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль, не затуманьваецца слава подзвігу нашага народа. Мы не маем права забываць, якую цану заплаціла старэйшае пакаленне за спакой на роднай зямлі. Праўда вайны – вечная.

Аб гэтым нам нагадвае і Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай. У Беларусі цяжка знайсці сям’ю, якая б не згубіла ў тое ліхалецце кагосьці з родных – трывожыць праз пакаленні, праз гады. І яшчэ цяжэй робіцца, калі падумаць, як змаглі нашы папярэднікі ўсё вытрымаць, як гэта было страшна – ісці на смерць, хавацца ў лесе ад ворагаў, цярпець іх катаванні і здзекі, баяцца кожнага шораху, бачыць кроў, якая праліваецца з грудзей ні ў чым не вінаватых дзяцей, атрымліваць пахавальныя… Колькі б ні мінула часу, такога забываць нельга. Трагічнай датай увайшоў у нашу гісторыю дзень 22 чэрвеня. Гэта смутак і жаль аб загінуўшых у баях, закатаваных у фашысцкай няволі, спаленых і расстраляных падчас акупацыі, памерлых у тыле ад голаду і нягод.

Так пачыналася…
Семдзесят чатыры гады аддзяляюць нас ад нядзельнай раніцы, калі варожыя самалёты парушылі мірнае неба над роднай зямлёй. Вестка аб тым, што фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз, была перададзена ў Брагін і Камарын па тэлефоне з абласнога камітэта партыі. У той жа дзень, 22 чэрвеня 1941 года, мясцовыя жыхары слухалі па радыё выступленне намесніка старшыні СНК, наркама замежных спраў краіны Вячаслава Молатава, які абвясціў аб пачатку Вялікай Айчыннай.
З першых гадзін вайны дзейнасць раённых партыйных і савецкіх органаў была падпарадкавана мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў на абарону краіны ад фашысцкага нашэсця. У Брагіне і Камарыне фарміраваліся маршавыя батальёны і каманды прызыўнікоў, якія адпраўляліся на зборныя пункты Курскай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей. У сціслыя тэрміны ў дзеючую армію было накіравана больш за дзевяць тысяч грама-дзян прызыўнога ўзросту.
У цяжкіх умовах прыфрантавой абстаноўкі вялася эвакуацыя ў глыбокі савецкі тыл матэрыяльных каштоўнасцей, спецыялістаў пэўных катэгорый. Для практычнага вырашэння гэтай задачы ў Брагінскім і Камарынскім раёнах былі створаны надзвычайныя камісіі. У выніку аператыўных мер поўнасцю вывезлі абсталяванне Малейкаўскага і Іёлчанскага крухмальных заводаў, мясцовых прамарцеляў, сотні трактароў, шмат сыравіны, гатовай прамысловай і харчовай прадукцыі. З абодвух раёнаў паспелі перагнаць на ўсход асноўную масу буйной рагатай жывёлы, коней, авечак і інш. А артылерыйская кананада 23 жніўня ўжо грымела дзесьці за Хойнікамі…

Выцесніць і знішчыць
“Калі мы хочам стварыць нашу вялікую нямецкую імперыю, мы павінны перш за ўсё выцесніць і знішчыць славянскія народы – расіян, палякаў, чэхаў, славакаў, балгар, украінцаў, беларусаў. Няма ніякіх прычын не зрабіць гэтага”, – заяўляў ашалелы Гітлер, і яго маніякальная заява легла ў аснову палітыкі фашысцкага рэйха на акупіраваных тэрыторыях, у тым ліку Брагінскага і Камарынскага раёнаў. Разам з іншымі паўднёвымі раёнамі Палескай вобласці яны ўваходзілі ў генеральную акругу “Жытомір” рэйхскамісарыята “Украіна”.
Аб тым, якой бязмежнай была ўлада над жыхарамі, што панавала ў акупіраваных вёсках, сведчыць распараджэнне ярунскага гебітскамісара Жытомірскай генеральнай акругі ад 29 красавіка 1942 года: “За непаслушэнства старасту, галаве абшчыннай гаспадаркі і брыгадзірам, за нявыхад на работу і нядбайныя адносіны да работы кожны паліцай мае права на першы выпадак на месцы адсцябаць вінаватага бізуном. Калі ж хто-небудзь не падпарадкаваўся другі раз, то трэба паведаміць мне, і я дазволю павесіць вінаватага”.
Забойствы і расстрэлы непакорлівых, карныя аперацыі супраць партызан, знішчэнне мірнага насельніцтва ў ходзе дзікунскага эксперымента пад назвай “стварэнне арыйскай расы гаспадароў”… Не паддаецца разуменню жорсткасць, бязлітаснасць, варварства фанатычных вылюдкаў.
Аб тым, якім зверствам падвяргалі акупанты яўрэйскае насельніцтва, расказалі адразу пасля вызвалення раёна яго жыхары – у пісьме, што было змешчана ў франтавой газеце “За Родину”.
Отомсти, воин!
Товарищи бойцы! Недавно мы побывали в нашем местечке. Враг – ненавистный немец – бежал под ударами Красной Армии. Но кровавый след тянется за ним. Знаете ли вы, какие страшные злодеяния творили фашистские мерзавцы в нашем местечке на протяжении двух с лишним лет оккупации?
Когда к нам в местечко прибыл так называемый “чёрный отряд”, состоявший из эсэсовцев и финнов, в здание и во двор школы согнали 517 еврейских семей, оцепили школу пулемётами, а затем начали дикую, ни с чем не сравнимую расправу. Вначале расстреливали мужчин. Их выводили группами и по одному к речке и убивали выстрелами в затылок.
За мужчинами наступила очередь женщини и детей. Их расстреливали группами, в большую яму сталкивали одновременно десятки невинных жертв, а затем расстреливали из автоматов, забрасывали гранатами. Когда засыпали эти ямы, слышны были крики ещё живых людей. Грудных детей убивали на руках матерей, подбрасывали их вверх и расстреливали на лету, омертвляли головой о землю…
Товариш боец! Таких преступлений ещё не знал мир. Запомни их и отомсти за каждую каплю невинно пролитой крови.
Ці варта гаварыць пасля гэтага, які след пакінула ў сэрцах людзей і гісторыі нашага народа вайна? У сучасным свеце, калі ваенныя канфлікты у розных месцах планеты працягваюцца, сведчанні аб злачынствах нацыстаў гучаць як перасцярога: няхай ніколі такія жахі не паўтараюцца.

Вогненны адбітак
За перыяд часовай акупацыі ў Брагінскім і Камарынскім раёнах гітлераўцы спалілі або разбурылі ўсе грамадскія сацыяльна-культурныя будынкі, гаспадарчыя пабудовы 132 калгасаў, 2 саўгасаў, дзясяткаў прадпрыемстваў і арганізацый, 98 клубаў, 4 бібліятэкі, 96 школ, дзясяткі магазінаў, 32 бальніцы, урачэбныя ўчасткі і фельчарска-акушэрскія пункты. Амаль поўнасцю былі спалены вёскі Малажынскага, Выграбнаслабадскога, Асарэвіцкага, Крукаўскага, Новаіёлчанскага сельсаветаў. Усяго ў агні загінула 47 населеных пунктаў. З іх тры так і не адрадзіліся пасля вайны.
Пасяўныя плошчы ў раёнах скараціліся на 36 працэнтаў, у тым ліку бульбы – на 43, ільну – на адну трэць. Адной з самых пацярпелых галін сельскагаспадарчай вытворчасці аказалася жывёлагадоўля. Усё пагалоўе ў грамадскіх гаспадарках было эвакуіравана або знішчана. Пазбавілася кароў большасць насельніцтва. На пачатак 1944 г. калгасы і саўгасы мелі буйной рагатай жывёлы толькі адну трэць ад даваеннай яе колькасці, коней – 39, свіней – 11 працэнтаў.
Але якія б ні былі матэрыяльныя страты, яны не ідуць ні ў якое параўнанне з чалавечымі ахвярамі. Фашысцкія вылюдкі знішчылі ў абодвух тагачасных раёнах больш як 3,5 тыс. мірных грамадзян. Каля 3000 жыхароў у прымусовым парадку былі вывезены на катаржныя работы ў Германію ці ў акупіраваныя ёю краіны Еўропы.

Пакаленню пераможцаў – паклон
Дзень усенароднай памяці – гэта яшчэ і магчымасць сустрэцца з жывымі сведкамі таго страшнага часу, пачуць іх горкую праўду, у якой адчуваецца вера ў непераможнасць чалавечага духу, – каб ведалі, помнілі і не дапусцілі.
Васіль Нікалаенка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
Дзень 22 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз, ніколі не сцярэцца з памяці. Зямля задрыжала ад аглушальных выбухаў. Па дарогах, што вялі ў глыб краіны, рынуліся варожыя танкі, аўтаматчыкі, матацыклісты…
На бітву з ворагам узняўся ўвесь народ. У кровапралітных баях з гітлераўскімі полчышчамі, што пераўзыходзілі нас у сіле, абаронцы праявілі бяспрыкладны гераізм і мужнасць. Неймаверна цяжкімі, напоўненымі трагізмам і вялікімі стратамі, былі дарогі адступлення. З болем у сэрцах пакідалі савецкія войскі родныя гарады і вёскі. Вораг быў моцным, жорсткім і каварным. Але мы не скарыліся. Выстаялі і перамаглі!
З кожным днём становіцца ўсё менш і менш тых, хто прайшоў вайну і мог бы праўдзіва і падрабязна расказаць пра яе іншым. Іх словы вучаць нас заўсёды заставацца людзьмі перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін.
Кветкі, як сімвал жыцця, мы прыносім да помнікаў, мемарыялаў, каб выказаць сваю любоў і павагу, каб памятаць пра боль і смутак вайны, каб пакланіцца памяці загінуўшых. Справа нашага нацыянальнага гонару – не забыцца ў мірным жыцці пра дасягненні Вялікай Перамогі, не адрачыся ад яе найвялікшых заваяванняў.

Падрыхтавала
Валянціна БЕЛЬЧАНКА