Брагінчане папоўнілі армейскія рады

Грамадства

armia

Мінулы панядзелак стаў адметным днём для 26 юнакоў раёна, у якіх пачынаецца новы этап у жыцці – служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Па добрай традыцыі маладых землякоў праводзілі ў армію ўрачыста, па-святочнаму.

Яшчэ зусім нядаўна яны сядзелі за школьнымі партамі, а праз лічаныя дні зменяць грамадзянскае адзенне на ваенную форму. Што ж, гэта сапраўды пачэсны абавязак – быць салдатам! Армія – першы этап станаўлення як мужчын, менавіта там загартоўваецца характар і выхоўваюцца высокія маральныя якасці.
Маладыя, упэўненыя і прыгожыя, прызыўнікі прымалі віншаванні з важным этапам у іх жыцці ў раённым Доме культуры. З наказамі да навабранцаў звярнуліся намеснік раённага ваеннага камісара Віталь Камеш, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Сяргей Даўгулявец, загадчык сектара па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Раман Цеслянок. Галоўныя пажаданні – быць цвёрдымі і настойлівымі ў авалодванні ваеннай навукай, з гонарам прайсці ўсе выпрабаванні салдацкага жыцця і вярнуцца дамоў падужэлымі фізічна і духоўна. Адданасць Радзіме, абарона міру і спакою, захаванне грамадзянскай згоды заўсёды былі для сапраўдных мужчын у прыярытэце.
Прыйшоў благаславіць прызыўнікоў на пачэсную воінскую службу, якую яны будуць несці ў паветрана-дэсантных, пагранічных, унутраных, танкавых і іншых войсках, айцец Ігар, настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Цёпла і пранікнёна гучалі словы адной з маці будучых армейцаў – Людмілы Андрэенкі.
Установы і прадпрыемствы, дзе працавалі юнакі, і раённая маладзёжная арганізацыя паклапаціліся аб падарунках для навабранцаў, а калектыў РДК стварыў святочную атмасферу, падрыхтаваўшы канцэртную праграму. Штогод арганізатарамі такой урачыстасці становяцца раённы ваенны камісарыят, РК ГА “БРСМ” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
У гэтыя майскія дні прызыўнікі якраз развітваюцца са сваімі бацькамі, сваякамі, сябрамі, каханымі… Наперадзе – салдацкія будні і святы. Няхай усё у вас, абаронцы, складзецца найлепшым чынам. Галоўнае – памятайце: дома вас чакаюць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА