Адабранае дзяцінства: успамінае жыхарка Тэльмана Яўгенія Котчанка

Грамадства

Грозны сорак першы прынёс з сабою смерць і боль, разруху і страх, запляміў крывёю і слязамі людскія лёсы. Разам з дарослымі праз усе гэтыя жахі былі вымушаны прайсці і дзеці, якія ў цяжкіх абставінах навучыліся цярпенню і вытрымцы, рана пасталелі, спазнаўшы нягоды. Замест мірнага неба, вучобы ў школе, гульняў і забаў – вайна…

1234_500

У вёсцы Вулкан Лоеўскага раёна якраз адзначалі прастольнае свята, і 12-гадовая Яўгенія пакуль таксама была ў гушчы падзеі. Па добрай традыцыі раздзяліць урачыстасць з мясцовымі жыхарамі штогод прызджалі сваякі, знаёмыя з суседніх населеных пунктаў. У вёсцы ў гэты дзень заўсёды было весела, шумна і мнагалюдна. Але ўжо назаўтра светлыя фарбы жыцця зменяцца змрочнымі, у дамы прыйдзе бяда…

Немцы акупіравалі Вулкан з самай раніцы. Усіх пачалі зганяць у хлеў. Наваколле ахапіла паніка, лямант, хаос. Да людзей даходзілі чуткі, што так карнікі абыходзіліся з мірным насельніцтвам, калі хацелі яго спаліць зажыва. Якія яшчэ маглі вітаць думкі ў галавах? Гоняць на смерць, на верную пагібель… Маці, каб выратаваць меншую з дачок, выкарыстала шанц схаваць яе ў сваёй сястры. Але Яўгенія, вырваўшыся з рук цёткі, кінулася назад. “Мама! Мамачка!” – пранізаў прастору дзіцячы крык. Як яна, яшчэ малая, магла разлучыцца з самым родным і дарагім чалавекам, паглядзець на ўсё, што адбываецца, вачамі дарослых? Так і засталася побач з маці і дзвюма сёстрамі.

Напалоханыя, агорнутыя страхам і бояззю вяскоўцы ўжо развітваліся з жыццём, чакаючы жорсткую расправу. Але ў фашыстаў на гэты раз былі іншыя намеры: выпусцілі лю-дзей з хлява і пагналі далей, да Холмеча. Некаторыя, ратуючыся ад згубы, спрабавалі па дарозе ўцячы. Атрымалася гэта зрабіць і старэйшай сястры Яўгеніі – Любе. Разам з настаўніцай яна звярнула ў лес, дзе і хаваліся ад ворага.

У Холмечы зноў усіх, і дарослых, і дзяцей, сагналі ў адзін будынак, ужо ў царкву. І зноў іх мучылі думкі, што чакаць ад гэтых вырадкаў…

Потым была Рэчыца, адкуль нявольнікаў у таварных вагонах павезлі да Брэста, а там – і ў Германію. Некалькі дзён вязняў пратрымалі ў Дрэздане, дзе давялося зведаць і катаржную працу, і пабоі, і іншыя здзекі. А праз нейкі час іх у якасці рабочай сілы накіравалі ўжо ў іншы горад.

Тут, у Баўтцэне, пакуль палонныя знаходзіліся ў полі ці выконвалі іншыя загады нямецкага гаспадара, Яўгенія павінна была наглядаць за чатырма малалетнімі дзецьмі. На дзень для дванаццаці чалавек выдаваўся толькі бохан хлеба ды баланда, таму голад адчувалі пастаянна. А колькі яшчэ патрэбна было вытрымаць такіх дзён – бязрадасных, змрочных і страшных.

…Увесь час, пакуль 86-гадовая Яўгенія Паўлаўна Котчанка расказвала пра водгалас вайны ў сваім сэрцы, з вачэй пенсіянеркі не пераставалі капаць слёзы. Тады, у пачатку саракавых, яна яшчэ многага не разумела, не асэнсоўвала. А зараз, будучы маці і бабуляй, умудронай жыццёвым вопытам жанчынай, глядзіць на перажытае па-іншаму. Ёсць, на жаль, пакаленне, для якога напамін пра дзяцінства звязаны не з гульнямі і цацкамі, а з невыносным болем і жахам. Іх таленты так і не расквітнелі, светлыя надзеі так і не спраўдзіліся…

Калі прыйшло вызваленне, у родную вёску Вулкан сям’я так і не вярнулася. Ад іх населенага пункта засталося толькі папялішча. Прытуліла цётка ў Тэльмане, дзе і засталіся. Але дзяўчынка яшчэ доўга сумавала па родных мясцінах, нярэдка туды наведвалася і вельмі перажывала, што пасля вайны іх вёска так і не адрадзілася.

Падлеткам Яўгенія стала працаваць у калгасе імя Тэльмана. Здольная і схільная да вучобы, наведваць школу не змагла. Да вайны яна закончыла толькі тры класы, і цяпер, калі пайшла ў чацвёрты, вылучалася сярод аднакласнікаў значна старэйшым узростам, таму і даводзілася чуць штодня ад дзяцей абразы ды зняважлівыя мянушкі. Крыўдна было да слёз. Не вытрымала, заявіла: “Больш у школу не пайду!”

Спачатку працавала ў садаводчай брыгадзе, потым – у полі. А аднойчы старшыня калгаса, прыкмеціўшы стараннасць і адказнасць дзяўчыны, пасадзіў яе на воз і павёз да фермы. Яго давер Яўгенія Паўлаўна апраўдала: у якасці даяркі адшчыравала ажно 48 гадоў. У капілцы яе ўзнагарод, акрамя шматлікіх Ганаровых грамат, ёсць ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга, знак “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года”, медаль “Ветэран працы”. А яшчэ – не менш значная і дарагая “Медаль мацярынства” другой ступені. Ды, на жаль, лёс распарадзіўся так, што з пяцярых дзяцей засталося толькі двое, і ад гэтых думак вясковая жанчына зноў выцірае слязу – жыццё не песціла.

1233_500

 

Сёння, праўда, душу Яўгеніі Паўлаўны сагравае ўжо тое, што пра людзей, спазнаўшых неймаверныя пакуты, не забываюць – наведваюць і настаўнікі з вучнямі, і мясцовая ўлада, і сацыяльная служба, дзяржавай гарантуюцца льготы і дастойная пенсія. Абы панаваў спакой ды не было вайны.

Імкліва ляціць час, мінаюць гады, але ўспаміны сведкаў Вялікай Айчыннай, што вяртаюць у той грозны перыяд, выклікаюць адзінае жаданне: дай Божа, каб гэтае ніколі на нашай зямлі не паўтарылася.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА