У Чамярысах прайшоў раённы конкурс “Гавары са мной па-беларуску”

Грамадства

malcik

Ярка, гучна і запамінальна прайшоў раённы конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”, які ўжо трэці год запар збірае таленавітых вучняў Брагіншчыны ў дзяржаўнай установе адукацыі “Чамярыскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

Гэта, дарэчы, адно з нямногіх мерапрыемстваў, якое дае магчымасць адчуць асаблівую прыгажосць, мілагучнасць і вобразнасць роднага слова. Як узнёслы лейтматыў тут прагучала сказанае некалі Цёткай: “Бедны той, хто не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, – гэта любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы”. І сапраўды, пакінутыя ў спадчыну духоўныя набыткі павінны адгукнуцца ў адкрытых сэрцах беларусаў удзячнасцю папярэднікам. Таму зусім не дзіўна, што сама атмасфера конкурсу заўсёды напаўняецца глыбокім патрыятычным сэнсам: тэматычныя выставы, аформленыя памяшканні, прадуманы сцэнарый. У падрыхтоўчы працэс, каб на належным узроўні сустрэць гасцей, уключаецца ўвесь калектыў, – заўважае дырэктар Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Святлана Кудранок. Нездарма гэтае мерапрыемства становіцца штогод сапраўдным святам для школьнікаў і педагогаў, якія імкнуцца навучыць сваіх выхаванцаў прыгожа гаварыць, адстойваць уласныя погляды і думкі, з’яўляюцца прыхільнікамі перспектыўнага самаразвіцця асобы. А стараннасць установы, якая конкурс арганізоўвае і праводзіць, адзначана сёлета падзякай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Цікавыя і захапляльныя спаборніцтвы на гэты раз разгарнуліся сярод вучняў 8-10 класаў адзінаццаці ўстаноў адукацыі, і ў першым туры ім патрэбна было не больш як за пяць хвілін абараніць падрыхтаванае мультымедыйнае эсэ. Канкурсантам прапаноўвалася паразважаць над пытаннямі “Жыццё – гэта падарожжа”, “За што мы сёння ў адказе”, “Самае каштоўнае на зямлі – жыццё чалавека”, дзе асноўнымі крытэрыямі ацэнкі выступалі змястоўнасць выказванняў, поўнае раскрыццё тэмы, адпаведнасць моўным нормам. У другім туры – “Маўленне”, які аказаўся для ўдзельнікаў больш складаным, вучні выступалі з прамовай, на падрыхтоўку якой адводзілася ўсяго 15 хвілін.

konkurc У выніку права прадстаўляць наш раён у аналагічным абласным конкурсе атрымалі Ганна Багаценка (Брагінская СШ, настаўніца – Алена Георгіеўна Яфрэмава), Ксенія Рагоўская (Малажынская СШ, настаўніца – Святлана Іванаўна Харко) і Яраслаў Ціханенка (Малейкаўская СШ, настаўніца – Галіна Фёдараўна Гаўрыленка). Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджаны Вольга Фалей (Чамярыскі дзіцячы сад – сярэдняя школа, настаўніца – Ганна Леанідаўна Дзямяненка), Анастасія Захожая (Вуглоўская СШ, настаўніца – Ірына Рыгораўна Хадасок) і Мікалай Малочка (Брагінская СШ, настаўніца – Жанна Іванаўна Амельчанка). Трэцяе месца занялі Анастасія Півянок (Іялчанская СШ, настаўніца – Галіна Мікалаеўна Папянкова), Алена Петрусевіч (Камарынская СШ, настаўніца – Наталля Уладзіміраўна Зотава) і Аляксандр Міхаленка (Мікуліцкая СШ, настаўніца – Вольга Рыгораўна Гардзеенка). Шчыра віншуем пераможцаў і іх настаўнікаў!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА