Славутыя землякі: адной з вуліц Брагіна плануецца надаць імя Сяргея Палуяна

Грамадства

Pаluyan

Сярод старонак беларускай літаратуры гэтая – адна з самых яркіх і трагічных… Але калі аб лёсе рана згаслых геніяў Паўлюка Багрыма і Максіма Багдановіча ведаюць многія, то постаць Сяргея Палуяна для шырокага кола чытачоў усё ж мала знаёмая. Вялікі жыццялюб і працалюб, ён змог удзельнічаць у літаратурным працэсе ўсяго адзін год, але і за гэты кароткі час стаў светлай легендай. Чым жа ўвайшоў у гісторыю наш славуты зямляк? Што вядома аб яго жыцці і дзейнасці?

Напярэдадні 125-годдзя з дня нараджэння Сяргея Палуяна аб яго трагічным лёсе расказвае галоўная хавальніца фондаў Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Надзея МЯЛЕШКА:

– Нарадзіўся Сяргей Палуян 7 (19 па н.ст.) кастрычніка 1890 года ў Брагіне, быў трэцім дзіцём у мнагадзетнай сям’і. Дзед, Іван Рыгоравіч, былы прыгонны селянін. Бацька, Епіфан Іванавіч, браў у арэнду зямлю, а пазней купіў маёнтак і сям’я пераехала ў Крышычы. Менавіта тут, сярод цудоўнай прыроды, прайшло дзяцінства Сяргея. З маленства пасяліліся ў яго сэрцы любоў да родных мясцін, бацькоўскай мовы, працавітых людзей. Роздум пра чалавечы лёс, пра тое, што адны жывуць багата, а другія, як ні працуюць, галеюць без хлеба, прыйдзе да яго потым. А пакуль ён проста здзіўляў бацькоў сваімі неспадзяванымі пытаннямі: “Чаму ў нас больш зямлі, чым у мужыкоў?”, “Чаму мы дома паміж сабой гаворым па-нашаму, а як прыедуць госці – па-руску ці па-польску?” Не знайшоўшы на гэта адказаў дома, ён потым шукаў іх у Мазыры, куды бацька адвёз сына вучыцца ў шасцікласную прагімназію.

Тут падлетак пасябраваў з сынам рабочага і пачаў хадзіць на маёўкі, слухаць гарачыя прамовы ў абарону працоўных, разносіць пракламацыі. Над Сяргеем павісла пагроза выключэння. Бацька тэрмінова адвозіць сына ў Прыбалтыку. Аднак хлапчук трапіў, як кажуць, з агню ды ў полымя. Пачынаецца рэвалюцыя 1905 года. Сяргей у самай гушчы падзей. Дырэкцыя збіраецца выключыць “нядобранадзейнага” гімназіста. Бацька зноў забірае яго дадому, дзе разгараецца скандал. А як жа?.. Бацька выбіваецца “ў людзі”, з мужыкоў зрабіўся “панам”, а тут – сын-рэвалюцыянер! У гэты час Сяргей пакінуў родны дом назаўсёды. Ён едзе ў Кіеў.

Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, Сяргей Палуян – высокі, русавалосы юнак – поўны энергіі і аптымізму. Ён спрабуе свае сілы ў літаратуры. І адразу, мінуючы стадыю пачаткоўства, дасягае значнага творчага плёну. 1 мая 1909 года ў аддзеле “Паштовая скрынка” газета “Наша ніва” паведаміла: “Кіеў – Палуяну. Вашу стаццю “Беларуская справа і украінскае грамадзянства”, надта цікава і добра напісаную, збіраемся выдаць нумарам-кніжкай”. А ўкраінскі часопіс “Украінська хата” друкуе артыкул С. Палуяна “Пра нацыянальную школу на Беларусі” з наступнай рэдакцыйнай прыпіскай: “З прыемнасцю змяшчаем артыкул таварыша-беларуса і будзем і далей сістэматычна адкрываць старонкі нашага часопіса для абмеркавання спраў беларускага адраджэння…”

Здавалася б, для Сяргея Палуяна ўсё складвалася найлеп-шым чынам. Ды насамрэч рада-вацца не было чаму. Пасля разгрому рэвалюцыі насоўвалася самая змрочная паласа. Палуяна гняло тое, што многія рэвалюцый-ныя “аратары”, у асноўным з буржуазійнага асяроддзя, не толькі вельмі хутка здрадзілі ідэалам рэвалюцыі, але і пачалі яе аплёўваць. Сяргей застаўся ў духоўнай адзіноце. Пасля столькіх перажыванняў і матэрыяльнай нястачы пачало здаваць здароўе. Палуян едзе ў Вільню, якая ў той час, як вядома, была цэнтрам не толькі літоўскага і польскага, але і беларускага культурнага жыцця. У Вільні ён працягвае супрацоўнічаць з “Нашай нівай”. Газета змясціла яго невялікі допіс з Кіева пад крыптанімам “П” і “Ліст з Украіны” з паметкай “Кіеў”.

І ўсё ж недзе ў пачатку сакавіка 1910 года Палуян парывае з рэдакцыяй і зноў вяртаецца ў Кіеў. А 7 (20 па н.ст.) красавіка яго не стала…

Пасля смерці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвеціць яму жэмчужыну сваёй паэзіі – паэму “Курган” і верш, Максім Багдановіч – свой першы і апошні прыжыццёвы зборнік твораў “Вянок” і некалькі вершаў. А маці будзе трымаць пры сабе аж да самай смерці чырвоную касаваротку сына, прывезеную з Кіева, і падкладваць яе пад падушку: а можа Сяргейка прысніцца…

З мастацкіх твораў Палуяна захаваліся фактычна толькі два: апавяданне “Вёска” і верш у прозе “Хрыстос васкрос!” Першы – аб паміранні і распадзе, другі – аб уваскрэсенні і надзеі. З аднолькавым майстэрствам і экспрэсіяй юны паэт гаворыць аб смерці і вечным жыцці. “Воцатам чужой культуры звiльжалi твае спячоныя смагай свету вусны… – пісаў ён пра родную Беларусь. – Але кожнага году па ўсёй Беларускай зямлi разносiцца клiч: Хрыстос уваскрос!.. I ты ўваскрэснеш, мой родны край!”

Розныя артыкулы, успаміны, меркаванні гісторыкаў сведчаць аб адным: Сяргей Палуян быў патрыёт, які згарэў за Беларусь. І ён сапраўды заслугоўвае, каб яго імя было ўвекавечана.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года №154-З “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь” раённы выканаўчы камітэт выносіць на грамадскае абмеркаванне пытанне аб перайменаванні адной з вуліц Брагіна ў вуліцу імя Сяргея Палуяна.

Свае прапановы і заўвагі вы можаце выказаць па тэлефоне 2-22-87.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА