Ён і на гэты раз сабраў самых таленавітых дзяцей з розных куточкаў Гомельшчыны.
Сёлета ў творчым марафоне, арганізатарам якога з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прынялі ўдзел 11 калектываў. Чым толькі ні здзіўлялі юныя артысты брагінчан, што сабраліся 28 сакавіка ў РДК: запальнымі танцамі, песнямі, тэатральнымі пастаноўкамі. Цудоўна дапаўнялі вобразы канкурсантаў іх яркія сцэнічныя касцюмы.
Канцэртная праграма прайшла на высокім эмацыянальным і творчым узроўні. Дзеці сваім артыстызмам і непасрэднасцю змаглі пакарыць і гледачоў, і членаў журы. Прычым перад апошнімі стаяла няпростая задача – ацаніць рэпертуар удзельнікаў, якасць выканання, дыкцыю, арыгінальнасць. Не дзіўна, што яны раіліся паўтары гадзіны. Увесь гэты час, дарэчы, супрацоўнікі Дома культуры займалі канкурсантаў рознымі гульнямі.
Фестываль складаўся з некалькіх намінацый, пераможцамі ў якіх сталі:
• “Канферансье” – Маргарыта Яравая і Уладзімір Рыдкін з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна г. Гомеля;
• “Сучасная эстрадная песня” – Ангеліна Рафальская з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна г. Гомеля;
• “Сучасная эстрадная песня” (вакальная група) – хор “Рамонка” з Красненскай дзіцячай школы мастацтваў (Гомельскі раён);
• “Сучасны эстрадны танец” – дзіцячы ўзорны ансамбль “Чапурушачка” з Красненскай дзіцячай школы мастацтваў (Гомельскі раён);
• “Народны танец” – харэаграфічны калектыў “Надзея” з Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Гран-пры фэстываля – Залаты ключык – накіраваўся ў Новую Гуту. Конкурсная праграма дзіцячай школы мастацтваў з гэтага населенага пункта ўжо не першы раз адзначаецца як найлепшая.
Прыемна, што прадстаўнікі нашага раёна таксама ўвайшлі ў лік прызёраў – занялі другія месцы. Гэта Ангеліна Лысянок (у намінацыі “Канферансье”) і харэаграфічны калектыў “Надзея” (“Сучасны эстрадны танец”). Юныя артысты прадстаўлялі Брагінскую ДШМ.
Дарэчы, сёлета ў фестывалі ўпершыню прынялі ўдзел выхаванцы дашкольных устаноў Брагіна, якія зачаравалі гледачоў хараством і вытанчанасцю рухаў.
На другім паверсе РДК тым часам праходзіла выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, удзельнікі якой таксама спаборнічалі паміж сабой. Тут першае месца заняў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна г. Гомеля, другое – Мікуліцкі сельскі клуб, трэцяе – Брагінскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.